Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 66

Міхась Лынькоў

— Хутчэй, хутчэй! — камандаваў Сёмка-матрос.

Не паспявалі бабкі следам, бурчаць пачалі:

— Куды гоніце… Дайце душы нябожчыка гэтым светам усмак падыхаць…

Але тут як крыкне Сёмка, як закамандуе бабкам:

— Хавайцеся, бабкі, па баразёнках, нябожчык уваскрос!

Зірнулі тыя на труну, ды куды каторыя кінуліся ў жыта хавацца.

А немцы тым часам спешыліся і, прывязаўшы коней да платоў, кінуліся курэй ды парасят лавіць, шукаць па хатах «млека ды яйкі». Пачуўшы кудахтанне курэй, уехалі ў вуліцу і тыя атрады, якія акружалі сяло, заставы рабілі.

І пачаліся тут несусветная сумятня, гвалт, вэрхал, шалёная страляніна.

Не паспелі немцы і малака паспытаць, як загрымеў з могілак вызвалены з труны «нябожчык». Ваўсю грымеў кулямёт, наводзячы вялікі жах на немцаў сваім нечаканым з’яўленнем. Кінуліся немцы да коней, але партызаны, якія засталіся па гародах, такую страляніну паднялі, што было не да коней. Ды і кулямёт не змаўкаў. І пабеглі немцы хто куды, без коней, а некаторыя і карабіны пакідалі. Як злавіў каторы курыцу, так і бег з ёй, гойсаючы цераз платы, цераз канавы, уцякаючы да лесу. І не да курэй было. Ляцелі вызваленыя птахі, ашалела кудахталі па гародах, кідалі немцы гладышы з малаком, давалі спрытнага драпака.

А ўслед ім імчалі ўжо конныя партызаны… На нямецкіх конях ляцелі. Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт.

— Хто? — дапытваўся ў іх Сёмка-матрос. Ён пытаў пра чалавека, які навёў іх, паказаў ім партызанскую стаянку.

Добра не ведалі немцы імя чалавека, але паказалі на блізкі лясок, дзе, паводле іх слоў, хаваўся той чалавек, які прывёў іх і, баючыся паказацца з імі на сяле, застаўся там.

З дзесятак партызан паскакалі к паказанаму месцу. І праз якіх хвілін дваццаць прывялі адтуль чалавека. Гэта быў стараста.

— Ён… — паказалі на яго немцы.

Здрыгануўся той, пабялеў увесь, прыліп да зямлі, не зварухнуўся. Зрабілі вобыск. З-за пазухі выцягнулі вялікі пачак нямецкіх грошай. Памахаў Сёмка гэтым пачкам перад стараставым носам, прагаварыў праз зубы:

— Мала, аднак жа, ты зарабіў на нашай крыві…

І, сцяўшы зубы, коратка загадаў:

— Станавіся пад бярозу.

Была малая размова са здраднікам-кулаком.

Немцаў адпусцілі на волю, выдаўшы ім вядомыя распіскі з партызанскай пячаткай.

Сёмка-матрос падміргнуў дзеду:

— Бачыш, пашкадаваў учора!

Дзед і сам абураўся:

— Каб я ведаў, што чалавек здольны на такую подлую справу, дык я сваімі рукамі задушыў бы яго.

— Ворага не шкадуй ніколі…

Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Ходырам хадзіла сяло, успамінаючы незвычайныя хаўтуры і такога дзіўнага нябожчыка.

Сёмка Міколку хваліў:

— Вось каму дзякуйце за шчаслівыя хаўтуры! Не здагадаўся б ён, магчыма, і прапелі б нам немцы вечную памяць…

Смяяліся хлопцы, жартавалі. Успаміналі дзедавы бомбы. Ладзілі кулямёт, чысцілі карабіны, пахаваныя раней па гародах.

Атрад рушыў у дарогу.

Міколкаў браняпоезд

З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Урэшце прыйшлі чуткі, што гэта рэвалюцыя адбылася. Але генералы, відаць, хавалі гэтыя чуткі ад салдат, жорстка каралі іх за малейшыя ўчынкі, расстрэльвалі за адно толькі слова аб волі, аб рэвалюцыі. І ўжо сцягваючы да савецкіх граніц свае сілы, яны не пакідалі старых намераў: як мага спустошыць краіну, зруйнаваць яе, абяссіліць.