Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 64

Міхась Лынькоў

Гэты страх ішоў адтуль, дзе калыхалася чырвонае зарава. Махнатыя зоры рабіліся бледнымі перад заравам. Некаторыя ніклі, гаслі. Водбліскі зарава хадзілі па каменнях. Аб каменні спатыкаўся конь, таропка прабіраючыся па кустах, па глухіх ваўчыных сцежках.

Глухая ноч была напоена пахамі пажараў, крыві і чалавечае нянавісці.

Спяшаўся коннік.

* * *

А партызаны спалі.

Даўно адгулі гармонікі, разышліся дзяўчаты са скокаў з удалымі партызанамі. Дзед Астап з Міколкам спалі ў каламажцы, што была з кулямётам. У хаце не захацелі спаць. Там было душна. Ды і, акрамя таго, у хаце быў нябожчык. Там памёр нядаўна адзін стары селянін. Ён ляжаў цяпер на стале, васковая свечка гарэла ля яго. На лаве стаяла труна. Не сказаць, каб дужа далюбліваў дзед Астап нябожчыкаў.

Таму і сказаў самым рашучым чынам:

— Будзем спаць на дварэ, на каламажцы! Самае лепшае месца: ні прус цябе не джыгане, ні клоп не кусне, ні духаты, ні спякоты. Ты спіш, а табе зоры ўсміхаюцца ды падміргваюць. І зноў жа ноч, ці мала што можа здарыцца, а тут і кулямёт пад бокам…

Так і спалі, укрыўшыся дзедавым кажухом.

Ціха і спакойна мінулася ноч. Даўно ўжо пагаслі зоры, апала зарава і пачаў ружавець усход. Вось і першы сонечны прамень бліснуў, пазалаціў калодзежны журавель, перакінуўся на старую ліпу. Замычэлі каровы, забляялі авечкі. То выганялі сяляне жывёлу на пашу. І толькі паспелі выгнаць яе за сяло, як страшэнны крык пракаціўся па вуліцы. Ён узнік за сялом, адтуль беглі перапалоханыя пастушкі. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся, рос, паланіў усе двары, усю вуліцу.

— Немцы! Ратуйцеся! — крычалі з усіх бакоў.

Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка, дзеда разбудзіў. Паднялі на ногі Сёмку-матроса, усіх партызан. Тыя кінуліся да коней.

Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за ім ускарабкаўся Міколка. Глянулі навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкі атрад. Было ў ім чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбіраліся партызаны ў другі бок сяла. Але заўважыў тут, што і з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвіліна-другая — і ад нямецкіх атрадаў аддзяліліся групы коннікаў і памчалі галопам, акружаючы з усіх бакоў сяло.

— Акружаюць, гады, у пастку бяруць! Што ж то рабіць? — услых падумаў Сёмка-матрос.

— Прарвацца! У шаблі ўзяць! — закрычалі тут партызаны. Але Сёмка-матрос махнуў рукой, гарачых спыніў.

— Усіх не возьмеш!.. Вялікі атрад, трохі нам не па сіле. Нельга на ражон перці. Прыйдзецца, няйначай… — і хацеў Сёмка яшчэ нешта сказаць, але тут яму Міколка пару слоў шапнуў, на кулямёт паказаўшы. Дужа шкадаваў кулямёта Міколка, баяўся, каб немцам яго не пакінуць. І з’явіўся нейкі план у Міколкі, аб ім і сказаў ён матросу. Той аж смехам спачатку заліўся, але раптам зрабіўся сур’ёзны, каманду даў:

— Коней хавай па хлявах, сёдлы ў каноплі! Палавіна каманды хавайся па гародах, а палавіна за мной!

І, узяўшы чалавекі з чатыры, кінуўся з імі да хаты, дзе нябожчык быў.