Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 65

Міхась Лынькоў

Праз якую хвіліну выносілі пустую труну адтуль. Партызаны і раты паразяўлялі: што за праява? Некаторыя ў жарты кінуліся: «Малая труна, усіх не ўмясціць!»

Але так грозна закрычаў тут Сёмка-матрос, што ўсе захадзіліся, як па струне:

— Карабінкі хавай, з сабой бяры гранаты і рэвальверы! — І да дзеда Астапа: — Крыж бяры! Крыж хапай, дзед Астап, ля труны станавіся! А ты, Міколка, за пратэсію!

Пачухаў патыліцу дзед Астап, нічога не разумеючы. Але ўзяў крыж, што стаяў ля варот каля хаты з нябожчыкам. Раз каманда, дык каманда, трэба выпаўняць.

Міколка ўзяўся за пратэсію, з якой носяць нябожчыкаў на могілкі. А Сёмка ўжо клаў кулямёт у труну. Той не лез, знялі колы, у гарод іх закінулі. Уціснулі кулямёт, патронаў налажылі. Прыкрылі белым палатном, паднялі труну на плечы, аж чалавек з восем яе панеслі. Ды ўслед чалавек сорак. І тут толькі зразумелі партызаны справу з труной і як пусцяцца ў шалёны рогат:

— Вось гэта дык нябожчык!

Але грымнуў тут Сёмка-матрос:

— Смех далоў! Слёзы давай, слёзы, плачу паболей!

І загаласілі ўсе па камандзе, галасамі грубымі, басавітымі:

— Угу-гу-гу… Ого-го-го… Га-га-га…

З усіх хат выскоквалі на той плач старыя бабкі. Як зірнулі на труну, напалохаліся. Пачалі лбы хрысціць, ды галасіць, ды прыгаворваць:

— Упакой, Госпадзі, душу бязгрэшную!

Ім і сапраўды здавалася, што нябожчыка нясуць. Таму і слёзы пусцілі, самыя сапраўдныя.

А тут і немцы ўжо. Імчаць наўскач з канца вуліцы, толькі пыл курыць, коні ржуць, шаблі пабліскваюць.

І страшна Міколку і смешна. Нясе пратэсію царкоўную ды тонкім голасам падцягвае:

— Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!

І ўсе за ім:

— Ве-е-ч-ная памяць…

А тут зірнуў на дзеда і ледзь не самлеў. Ужо блізка немцы, а дзед нясе крыж і на сябе не глядзіць. Вісяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяці на іх, не схаваў. І як запяе тут Міколка ды на новы лад:

— Ве-е-чная па-а-мяць… Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вісяць…

І ўсе падхапілі басам:

— Што на поясе вісяць… што на поясе вісяць…

Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху і, як ні лыс, Міколку падміргнуў. І да таго тут зрабілася весела Міколку, што ледзь у скокі не пусціўся з пратэсіяй. Нават «вечную памяць» на манер кадрылі запеў. Зірнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў — загадаў:

— Цягні, цягні, ды каб жаласліва было…

А немцы ўжо блізка. Цяжка храплі ўзмыленыя коні, гулка білі ў зямлю цяжкімі капытамі. Прыцішыўся нямецкі атрад, калі параўняўся з хаўтурнай працэсіяй. Нават пад казырок узялі немцы труне з нябожчыкам. Не азіраліся партызаны, старанна выцягвалі «вечную памяць». Плакалі ды галасілі бабкі. Нямецкі атрад паволі праехаў каля «працэсіі» і, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вуліцы. Аж у самы канец праляцелі. Адтуль назад, на сярэдзіну сяла. Немцы былі яўна расчараваны. Яны, відаць, рабілі налёт, хацелі некага злавіць. Але ніякіх партызан на сяле не знайшлі, і следу тут не відаць было ад партызанскага атрада.

Труна з нябожчыкам усё шпарчэй набліжалася да могілак, якія былі за сялом.