Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 68

Міхась Лынькоў

Раніцай падаспелі да рабочых партызанскія атрады Сёмкі-матроса. З гікам, са свістам імчалі наўскач смелыя коннікі, адрэзалі на ляту нямецкую батарэю і ўраз павярнулі гарматы на немцаў, на штаб. Немцы спешна адступалі ад станцыі, падаваліся ў горад, акопваліся на ўскраінах.

Пачаўся зацяглы бой. Ён ішоў то заціхаючы, то зноў узрастаючы, гарачымі перастукамі кулямётаў, залпамі карабінаў, гармат. Цяжка даводзілася партызанам. Прызвычаеным да боек у лясах, у засадах, ім нязручна было весці бой з пахаваўшыміся ў акопах немцамі, з буйнымі нямецкімі атрадамі, узброенымі бамбамётамі і гарматамі. Але і гэта не магло стрымаць іх, і групы коннікаў-партызан рабілі адчайныя налёты на нямецкія акопы і кулямёты. Не вытрымлівалі немцы, вельмі баяліся партызанскай шаблі, і то тут, то там рабілі яны перабежкі, адыходзячы далей ад штаба.

У смелым налёце на немцаў загінуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапіўшы нямецкі кулямёт, кінуўся ён за ўцякаўшым афіцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблі. І вось-вось ужо апусціцца гэтае джала на бліскучы лак імператарскай каскі. Аж прыціх Міколка, назіраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не параніць сваіх. Уздыбіўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афіцэра… І глуха войкнуў Міколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афіцэр, стрэліў з упору… Скочыў конь ашалелы. Нахіліўся Сёмка, апусціў галаву на пахучую конскую грыву, рукі апалі, і ўвесь ён стаў хіліцца набок, усё ніжэй і ніжэй… Бачыў Міколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю і ціха дзвынкнула, загайдалася, устроміўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік…

Прайшоўся далонню па спацеламу твару Міколка і націснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад ім. Грымеў кулямёт. То Міколка спраўляў памінкі па старэйшаму таварышу, па любімаму партызану, прыяцелю. Не стала афіцэра. Але не ўстаць з зямлі і Сёмку-матросу, і далёка-далёка адкацілася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сіняе мора, бачыла вольныя караблі, неразлучнай была з чалавекам, які жыццё любіў і ведаў цану чалавечай нянавісці і любві.