Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 51
Міхась Лынькоў
— Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць… Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.
Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з’явіўся назад, з’явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:
— Што-та сталася з тваім стаеннікам?
Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:
— Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну… і адарвала слыхавы орган.
Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.
Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:
— Ці цэлы хаця сук той?
Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.
Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць — едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.
Але тут пачалі рабіцца несусветныя штукі з дзедам. Праўда, ва ўсім ён і душой не быў вінаваты, усё пачалося з каня. Ці той пачуў іржанне сваіх былых нямецкіх сяброў, ці якое другое ліха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед і так і сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нічога не дапамагала. І праз якую хвіліну дзед горда імчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбіні душы надзеі, што, можа, як і ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькі і паспеў крыкнуць дзед: «Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!» Ды, бачачы немінучую сустрэчу з немцамі, прышпорыў з адчаем каня наскамі ботаў, выхапіў шаблю ды як закрычыць «ура», аж Міколка не на жарты спужаўся.
Зірнуў Сёмка на Міколку — вось ашалеў дзед! — ды, выхапіўшы гранату з кішэні, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кідаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на іх дзіўныя коннікі, «ура» крычаць, шаблямі махаюць. А тут і трэці памчаўся ад лесу. То Міколка пусціўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павінен жа і ён дапамагчы дзеду з бяды выбавіцца. Імчыць Міколка ды раз-пораз з карабіна страляе. Замітусіліся немцы, спыніліся. А ўгледзеўшы Міколку, зусім спалохаліся. Ім паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы — выскакваюць адтуль адзін за адным партызаны. І, не разважаючы доўга, пусціліся немцы назад, коней прышпорылі.