Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 52

Міхась Лынькоў

Але не такі дзед, каб адстаць. І хоць гатовы ён і каня нямецкага праклясці, які кінуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён і другое вуха яму адсеч за вялікае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калі шаблю выхапіў. Ляціць віхурай дзед, насцігаючы немцаў, крычыць:

— Здавайцеся, пакуль не ўцяклі!

Бачаць немцы — не паласа, кінулі карабіны, рукі ўгору. Тут і Сёмка падскочыў, падскакаў Міколка, палонных пад канвой забралі.

Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку і, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, і ніхто ўжо не пасмеў бы напомніць дзеду аб яго джыгітоўцы, аб няшчасным конскім вуху і абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеі вельмі дорага каштавалі дзеду, дні са тры прахварэў ад тых здарэнняў і расказваў пасля:

— Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Міколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, які папёр мяне на нямецкі атрад. Але калі ўбачыў, што няма мне ўжо аніякага выхаду болей і што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хітрыкі пайсці і так грымнуў на іх, што аж сам быў спужаўся… А тут і Сёмка! А тут і Міколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывізію і самога генерала! Я ім пакажу, што знача дзед Астап і яго турэцкая шабля!

Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохі пачырванеў і змоўк. Відаць, адчуваў сябе ніякавата. Ён сам убачыў, што трохі перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любіў успамінаць пасля трагічных падзей з конскім вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Міколка:

— А ты не зважай, дзед, калі там сёе-тое з шабляй у цябе было раней… Затое ж ты перамог! Усё ж такі здаліся немцы!

— Так, здаліся… — прамовіў дзед.

Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовіцца ад кавалерыйскіх атак.

Як-ніяк, адчуваў сябе вельмі нязручна з шабляй. Ды і гарцаваць на кані не дазвалялі ўжо гады і здароўе!

— Арудзію б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! — гаварыў часам дзед і марыў аб гарматах, аб сваёй колішняй зброі.

І трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзіліся і дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у іх барацьбе з немцамі.

Аб гэтым пасля.

Партызанскі браняносец

За часы Міколкавага партызанства на яго роднай станцыі ў родным горадзе станавілася ўсё горш і горш. Дзесяткі рабочых былі пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалі на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялі часавыя, і рабочым ледзь не пад канвоем прыходзілася станавіцца на работу. Пад канвоем вадзілі машыністаў на паравозы. За малейшае супраціўленне пагражалі расстрэлам. За работу амаль не плацілі, і сем’і рабочых жылі ў вялікім голадзе. І гэта ў той час, калі праз станцыю праходзілі дзесяткі і сотні эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалі народ і ўсё, што рабавалі па гарадах і вёсках, адсылалі ў Германію.