Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 49
Міхась Лынькоў
Пан сігануў праз шчыкет, але, учапіўшыся сарочкай за шчыкеціну, павіс на ёй, агаліўшы валасатыя ногі.
— Бач ты, сцёгны якія паразгадаваў, па тры пуды, няйначай…
Але раптам зрабіўся сур’ёзны і адступіў на крок. Узяўшы важна пад казырок, скамандаваў дзед:
— Злазьце з плота, ваша сіяцельства, нязручна так, няйначай!
Але дзе тут злезці пану. Павісла сіяцельства ўсур’ёз. Падбеглі сяляне і не зусім, каб сказаць, далікатна знялі яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлі пан, так і кінуўся ў ногі сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявіў сялянскія лапці, маліўся, прасіўся, усімі багамі кляўся, што не ён вінаваты ў расстрэлах, а немцы.
— Хто табе веры дасць, ірад? Але што з ім рабіць, з сіяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую… — раіўся Сёмка-матрос і загадаў: — Пасадзіць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкі… А то ў ванне яшчэ сёння, мусіць, не было яго сіяцельства.
І сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.
А партызаны тым часам не драмалі. Выганялі жывёлу з панскіх хлявоў, выводзілі коней, выгружалі свірны. Прыгадзіліся панскія каламажкі, на іх зручна прымайстравалі адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылі вінтоўкі. На адной з каламажак прымасціўся ля кулямёта Міколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаенніка і быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль і шаблю і надарыў ёю дзеда. Міколку ж ён даў маленькі штык ад нямецкай карабінкі. Штык быў падобны на кінжал, і ім вельмі ганарыўся Міколка, павесіўшы яго збоку на папружку. Так зрабіўся Міколка кулямётчыкам, а дзед Астап — кавалерыстам. Праўда, у кавалерыі дзеду Астапу хутка не спадабалася, і ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.
Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Уперадзе ехаў Сёмка на добрым вараным кані, якога ўзялі ў пана. За ім ехалі некалькі хлопцаў, узброеных шаблямі, карабінамі і гранатамі. Услед рушылі тры каламажкі з кулямётамі.
Ужо развіднела.
Збляднела зарава пажару, толькі дым пасцілаўся яшчэ чорнай смугой над дарогай, над лесам. Атрад прыбавіў кроку. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач, пераганяючы адзін аднаго. Затарахцелі каламажкі, падскакваючы на выбоінах ды на карэннях лясной дарогі.
— Ану яшчэ, яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос.
Як лёгкія птушкі, узняліся коні, распушыўшы хвасты і грывы. Толькі срэбрам мільгалі падковы капыт ды клубы пылу ўзнімаліся ўслед, плылі за атрадам ружовым воблакам.
— Паддай, паддай! — не змаўкаў камандзір.
І нібы беглі насустрач дрэвы, кусты. Нібы кідаў хто пад ногі коням лесавую дарогу. Шалёным віхрам несліся кулямётныя каламажкі, нібы плылі над дарогай, не адчуваючы ўжо ні пнёў, ні камення. Біў вецер насустрач, захлынаў дыханне, намагаўся шапкі сарваць. Але што той вецер!
— Гармонік давай! — крыкнуў нехта.
Захліпнуўся спачатку гармонік, прачышчаючы свае медныя галасы. І потым пайшоў, разышоўся, узляцеў гарачымі галасамі вышэй стромкіх хвоек, пракаціўся звонамі-перазвонамі, і дух захапіла, калі пайшлі ў ход пералівістыя пераборы. Ды бумкалі басы, як цяжкія стрэлы гармат: бум, бум, бум…