Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 53

Міхась Лынькоў

Але як ні горка жылося рабочым, яны не думалі здавацца немцам. Яны рабілі ўсё, чым толькі можна было нашкодзіць нахабным заваёўцам, якія марылі задушыць Савецкую краіну. Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Уцякалі машыністы з паравозаў, спынялі ў лясах цягнікі і раздавалі назад сялянам адабраную ў іх жывёлу. Арганізоўвалі рабочыя дружыны абароны. Даставалі зброю.

Нават дзеці рабочых удзельнічалі ў гэтай барацьбе. І часта можна было назіраць на станцыях, як Міколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалі ў буксы вагонаў пясок, разлівалі ў кандуктараў і змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.

Барацьбой рабочых кіравалі бальшавікі. Сярод іх быў і Міколкаў бацька — Андрэй. Ён даўно быў у падполлі, і часам самыя блізкія людзі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.

Часам, калі асабліва зверскімі рабіліся немцы ў якім-небудзь горадзе ці на станцыі, рабочыя рабілі ім добрую ўзбучку, напамінаючы гэтым, што рабочая сіла не зломлена. Вось і цяпер атрымаў з горада ліст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раіўся з дзедам Астапам, з другімі партызанамі. Быў пры гэтай нарадзе і Міколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабіць налёт на горад і даць добрага пытлю немцам. Думалі і гадалі, як лепш правесці налёт.

Да поўначы раіўся Міколка з дзедам, як лепш справу зрабіць. Аж надакучыў дзеду сваімі парадамі. Той і рукой махнуў:

— Адчапіся ты! Малы ты яшчэ, табе толькі варон біць з карабіна ды штыком тваім пячуркі з пяску рабіць…

І дзед паказаў на кінжал, якім так ганарыўся Міколка. Абурыўся тут Міколка, трохі нават узлаваўся на дзеда і з пагардай сказаў яму:

— Як відаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка… Ізноў жа: хто спаў каля пакгаўза, а хто лазіў у пакгаўз людзей вызваляць? Ага! Успомніў! А хто каню вуха шабляй адсек?

Аж паморшчыўся дзед, узгадаўшы пра гэтую прыгоду, і, каб спыніць непрыемныя для яго Міколкавы ўспаміны, адразу ж пайшоў на змірэнне:

— Ну, дык чаго ты ўжо так разышоўся? Хіба я кажу, што ты не храбры? Ну дык гавары, што ты надумаў.

— А вось і надумаў…

І тут расказаў Міколка аб сваім плане:

— Бачыш, дзеду, сіл яшчэ ў нас мала і зброі мала… Калі не пойдзем мы на хітрасць, нічога часам і не выйдзе!

Міколкаў план быў вельмі просты. Лазячы на хвою, на наглядальны пункт, Міколка часта бачыў, як праходзяць зрэдку па Дняпру параходы. Яны хадзілі пад нямецкім сцягам, хадзілі з узброенай камандай, з кулямётамі, а часам і з гарматамі.

— Абы толькі параход нам дастаць, а там пабачым… — закончыў Міколка свой план.

— А што ты думаеш! — захапіўся дзед планам. — Ты ж у мяне мудрэй за Напалеона!.. Ды што Напалеон! Ты ж проста, браце мой…

— Бальшавікоў сын, — падказаў дзеду Міколка.

— То-та ж!.. — згадзіўся дзед і пайшоў раіцца да Сёмкі-матроса.

А раніцай дзед Астап і Міколка выбраліся на разведку ў горад. Запрэглі звычайныя сялянскія калёсы, палажылі на воз паўмяшка мукі, яек з дзесятак. Дзед Астап нават пеўня недзе расстараўся. Усё гэта рабілі, каб ніхто не западозрыў іх у партызанстве і каб немцы прынялі іх за звычайных сялян, якія едуць на базар у горад. Так і паехалі. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся яны да горада. Толькі ў адным месцы спынілі іх немцы, хацелі ў падводы забраць. Але выручылі ўзятыя яйкі. Аддаў дзед салдату цэлы дзесятак, пусцілі іх далей. Так і даехалі. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх на станцыю да маці.