Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 48
Міхась Лынькоў
І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Ён кінуўся на шыю матросу, які, відаць, камандаваў усімі людзьмі.
— Ого! Які ж ты яшчэ маленькі, а так ужо немцаў укрыўдзіў, што яны табе смерць рыхтавалі… — усміхнуўся матрос і, падхапіўшы Міколку, падняў яго высока-высока, пад самыя шаты нерухомых ліп.
Нічога не адказаў Міколка, увесь захлынуты радасцю збавення, радасцю перамогі. І толькі ўгледзеўшыся ў матроса, ён крыкнуў дзеду:
— Дзед, а гэта ж той чалавек, што пад хвояй стаяў і якога ты ад расстрэлу выбавіў.
І што тут было, хіба апішаш! Дзед абняўся з матросам. Яны кінулі вобземлю шапкі і разы тры пацалаваліся, моцна абняўшыся. Аж войкнуў дзед, да таго моцна сціснуў яго ў абдымках Сёмка-матрос. І бачыў нават Міколка, як заплакаў дзед і — які ж ён хітры! — неўпрыкметку выцер слязу кончыкам барады. Не сцярпеў тут Міколка, папракнуў дзеда:
— А здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, і трэба ж так…
— То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць… — сканфузіўся дзед.
Ну, што ты зробіш тут з гэтым дзедам!
Сёмка-матрос запытаў іх, адкуль яны, што за людзі і якія прычыны прымусілі дзеда сме�а заступіцца за яго, Сёмкава, жыццё. І калі ўсе даведаліся, што дзед Астап — бацька памочніка машыніста Андрэя, а Міколка — сын Андрэеў, агульнай радасці не было канца-краю.
— Гэта ж мой найлепшы прыяцель, твой бацька! — гаварыў ён Міколку. — Твой жа бацька самы смелы бальшавік! Мы з ім, ды з другімі рабочымі, ды з нашымі вось партызанамі добра правучым паноў… будуць ведаць, як вёскі грабіць, бальшавікоў ды беднату выдаваць немцам на расправу… А прыйдзе час, возьмемся як след і за немцаў!
Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Вострыя языкі полымя вырываліся з верхніх акон, узнімаліся чорныя клубы дыму.
— Важнецкі гарыць. Усё пайшло пылам-дымам… Мала было яму ўсё, гаду… Ад хцівасці на нашыя вёскі пайшоў, праз яго пагарэлі. Немцаў наслаў. Няхай жа гарыць, выгарае, каб і кораня панскага не засталося…
І тут хапіўся матрос:
— А гэтага самага тлустага д’ябла, самога пана мы яшчэ не злавілі.
— Схаваўся, гад, недзе…
— Выкурым, нідзе дзенецца!
І тут заўважыў Міколка, як з верхняй веранды скочыла на зямлю нешта белае, грузнае. Ён як дуж кінуўся ўслед. За ім пабег дзед. Белае, грузнае кінулася ў зараснікі бэзу, акацый. Вось яны наганяюць ужо, толькі лыткі ўцекача мільгаюць у роснай траве, а спыніцца каб, дык не. Гэта быў пан. Ён выскачыў у адной сарочцы і цяпер пабег, засопшыся, наважыўшыся праскочыць сад і даць лататы да лесу.
— Стой, пузан, а то выстралю! — крыкнуў на бягу дзед і размахваў карабінкай, якою надарыў яго Сёмка-матрос.