Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 47
Міхась Лынькоў
— Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны…
Крыкнуў і прахапіўся, вочы адкрыў. Разам з ім прачнуўся дзед, прачнуліся ўсе, што спалі з ім разам. Спачатку нічога не маглі ўцяміць. У склепе было відна, але святло было нейкае дзіўнае. Маленькае акенца ўзіралася ў іх распаленым чырвоным вокам…
— Пажар! — схамянуліся ўсе і кінуліся да акна.
Нечаканае вызваленне
Кавалак неба, які відзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нібы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералівах. Чырвань то набракала крывёю, то рабілася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацістымі водбліскамі. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. І здавалася, плавіцца неба, робіцца вадкім, празрыстым. Вось-вось успыхне яно і ападзе на зямлю мільёнамі іскраў і ззяючага вугалля. Нібы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, і яно білася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлі, рассыпаючы па небу залатыя пер’і.
Глуха шумелі цяпер барвовыя кроны ліп. То ўзняўся вецер і грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.
— Пажар! — крыкнулі людзі. — Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскіх гумнаў, адтуль ляцяць іскры.
І толькі сказалі гэта, як страшэнны выбух адкінуў іх ад акна. Бліснула асляпляючым полымем, і, уздрыгануўшы, глуха загудзелі сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столі. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьці крыкі, і зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Потым раптам нібы ўсё змоўкла на хвіліну, і злавесная цішыня павісла над домам, над садам.
Міколка зірнуў у акно. І першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек, ляжаў абернуты кулямёт, цьмяна паблісквала стужка з патронамі. Людзі ляжалі нерухома.
— Дык вось яно што! — ускрыкнулі разам усе людзі ў склепе. — Пажар-то відаць не просты, наш пажар, партызанскі…
Раптам раздаліся з грукатам дзверы на ганку, і цэлая група людзей з’явілася там. Яны выходзілі з панскага палаца. Уперадзе ішоў звязаны палкоўнік, разам з ім клыпалі некалькі афіцэраў, трымаючы рукі ўгору. Іх канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. У аднаго Міколка заўважыў звычайную сякеру. Палкоўніка і афіцэраў павялі кудысьці за вугал, у цёмную ліпавую алею.
Тут жа, ля ганка, стаяла група абяззброеных нямецкіх салдат. Яны стаялі без канвою, аб нечым гаварылі, спрачаліся. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі.
Дзесьці ў садзе грымнула некалькі стрэлаў.
Салдаты замоўклі на хвіліну, некаторыя махнулі рукой.
І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной. І, абняўшы радасна адзін аднаго, расцалаваўшы малога Міколку, яны пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. На стук прыбеглі некалькі нямецкіх салдат. Яны зірнулі ў акенца і кінуліся кудысьці за дом. Хутка цэлая група людзей паказалася адтуль. Бразнулі засовы дзвярэй, і палоннікі склепа адзін за адным выйшлі на вольны прастор. Развіднела ўжо. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Але ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае «ўра».