Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 46

Міхась Лынькоў

— Назад!

Лязо штыка прасунулася ў акенца, пагрозліва бразнуўшы аб краты. Міколка адхінуўся ўбок і, трымаючыся за сцяну, ціха падаўся да дзеда. Прылёг ля яго. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак.

— Страшна мне, дзеду…

— А ты не бойся… Чаго баяцца, унуча! Усё будзе добра. Усё будзе слаўна. Прыйдзе час — не будзе ні паноў, ні царскага войска нямецкага. Будуць толькі рабочыя ды сяляне, ды такія вось, як ты, бальшавіковы сыны… і зямля будзе наша… і паравозы нашы… і яны будуць бегаць куды шпарчэй, бо яны будуць нашы. Сонца будзе свяціць куды гарачэй, і яно будзе нашым… і неба наша… Усё, усё наша!

— То добра, дзеду, але ж нас з табой не будзе. Вунь на ганку стаяць кулямёты, яны ж нарыхтаваны на нас.

— А ты плюнь на іх, на гэтыя кулямёты… дужа страшныя яны хіба?

Змаўкае Міколка. Але чуе дзед, як уздрыгваюць Міколкавы плечы. Плача Міколка і стараецца захаваць свой плач, сцяўшы зубы, уткнуўшыся тварам у дзедава плячо. Упору і самому дзеду заплакаць, але трымаецца ён, гладзіць унукавы плечы, на вуха яму шэпча:

— Ну чаго ты, дурненькі мой… А яшчэ казаў, што храбры, храбрэй дзеда.

Захліпаецца плачам Міколка, гаворыць скрозь слёзы:

— Не ад страху я, дзеду… Мне бацьку шкада. Мне паравозаў нашых шкада. Хто-та ездзіць цяпер на іх. Немцы ж гэтыя… Як жа ж… У іх жа царскія арлы. Ды з імі Бог яшчэ гэты. На кожным поясе напісана.

— А ты, унуча, яшчэ раз плюнь і на арлоў, і на Бога. І арлам галовы скруцім. А дасць Бог, і Богу шыю звернем… Было то клопатаў, каб аб іх думаць… А дзеду ты вер! Кладзіся вось і спі… Усё, браце, будзе наша! Толькі выспацца цяпер нам трэба з табой. Ну, кладзіся!

Ціха ў склепе. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.

А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкімі ботамі часавога. Паблісквае штык пад месяцам, цьмяна льсніцца цёмная каска. Застыглі на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля іх.

Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы, скідаючы на жвір, на траву цяжкія кроплі расы.

Спіць Міколка.

Нібы спіць і не спіць. Ён едзе на вялікім-вялікім паравозе. Ля акенца бацька сядзіць. Снапы гарачых іскраў ляцяць з трубы і нізка пасцілаюцца над дрэвамі, над кустамі, над бязмежнымі прасцягамі палёў. Ляцяць рэйкі насустрач і нібы пасцілаюцца пад магутныя колы, нібы праглынаюцца паравозам… А ён усё шпарчэй і шпарчэй, ціха кружыцца галава ў Міколкі, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Пара шыпіць, аж гудзе, і ляскочуць сталёвыя колы.

…Тах-тах-тах… тах-тах-тах…

Зірнуў Міколка ўперад, і валасы ў яго дыбам — проста на іх ляціць, набліжаецца семафор. Вялікі, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй і шпарчэй, аж заходзіцца сэрца, дыхаць цяжка. Збіраецца з сілай Міколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталі, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда і, перамагаючы страх, крыкнуў Міколка: