Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 20
Міхась Лынькоў
— Дык чаго ж ты скочыў у вагон?
— Убачыць хацеў… — выпаліў адразу Міколка. Ён ужо смеласці пачаў набірацца, узгадаўшы, як храбра лавіў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кінуў гэтага сівога, які, бачыш ты, не разумее, што такое гузікі і што такое «зайцаў хлеб». Дый баіцца, відаць, яго гэты сівы. Не стаў бы звязваць Міколку, пісталетам яму пагражаць.
— Каго ж ты ўбачыць хацеў?
— Цара! З царом хацеў пазнаёміцца…
— Ах жа ты рыштант! — аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. — Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб ніколі не забыўся ты на гэта знаёмства…
На суседняй станцыі, дзе спыніўся на хвіліну цягнік — паравоз дровы браў, — з’явілася ў вагон цэлая група жандараў і ўзяла з сабою Міколку. На станцыі яны доўга распытвалі яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званілі па тэлефоне на Міколкаву станцыю і ўрэшце запыталі:
— Дык хочаш цара ўбачыць?
— Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй ці бацьку…
— Не… Чаму ж… мы пакажам… Загадана паказаць табе як след.
І так паказалі цара Міколку, што ён і цяпер не любіць асабліва ўспамінаць аб гэтым. І плачу было тут, і слёз, і рову. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. А адзін усё банькай ад папругі стараўся.
Ледзь жывым вярнулі Міколку на родную яму станцыю, куды накіравалі яго таварным цягніком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыі ён патрапіў яшчэ ў рукі свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:
— Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-імператара. Гэта за гузікі ад штаноў дзеда Астапа, якімі абразіў ты яго сіяцельства, вялікага князя… Гэта табе за вялікія непрыемнасці мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыі…
Хацеў Міколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкі ў кішэні. Але не хапала сілы, так быў збіты. Ледзь жывога вярнулі яго ў вагон да дзеда, да маці, да бацькі. Ахнулі яны, жахнуліся. Раздзелі Міколку, цёплай вадой пабоі змачылі. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:
— Глядзіце-ка, па ўсяму целу нібы царскія арлы павыбівалі, няйначай хто казённай банькай стараўся…
А назаўтра дзед, узброіўшыся сукаватым кіем, пайшоў на станцыю і, напаткаўшы жандара, збіў яго на горкае яблыка. Патрушчыў і шаблю і пісталет паламаў. І хоць уся станцыя і ўсё дэпо падтрымалі голасна дзеда пры гэтай баталіі, аднак на другі дзень арыштавалі дзеда і пасадзілі ў турму. Праўда, праз месяц які выпусцілі дзеда, з прычыны яго старасці, на волю, але са службы ў дэпо прагналі як «небяспечнага злачынца». Дзед спрабаваў пахваліцца крыху, што таму выпусцілі яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалі за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:
— Кінуў бы ты, стары, свае турэцкія байкі. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзіць, і медалі веку ў цябе ўварвалі… Аддаў бы лепш малому на цацкі, чымся вешаць гэтыя бразджолкі на грудзі…
Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.