Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 10
Міхась Лынькоў
— Ну што, шчупак ці акунь?
— А ты падыдзі, сам паглядзі!
— Хопіць ужо, нагледзеўся…
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
— Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую…
А дзед толькі гаварыў:
— Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух… Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю. І аб тым, што яны будуць вясной рабіць, калі жаўранкі запяюць, калі зазвіняць ручаіны і ўкрыюцца лясы зелянінай.
І парашылі ў адзін голас — будуць яны ў вольныя ад работы дні заўзятымі паляўнічымі, будуць качак біць і ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вісела без усякай карысці пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, і парадкам заржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Але як-ніяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Прызнацца, і цяпер яна вісела набітая, бо колькі ні намагаўся дзед, каб разрадзіць яе, яму ніяк гэта не ўдавалася. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такія падшывальцы, як Міколка, не нарабілі б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. І не дзіва, што Міколка, седзячы зімой у халодным вагоне, так нецярпліва чакаў вясны. І цёпла тады. І качкі тады лятаюць. І ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гісторыя з дзедавай «арудзіяй»
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелі чыгуначныя пуці і курыліся парнасцю пад сонцам. А вечарамі храбусцелі льдзінкі ў лужынах і востра пахла зямлёй, мазутам і каменным вугалем. Гучна гудзелі паравозы, і ліхтары гарэлі ў іх па-новаму, па-веснавому. І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі. Не было тых іржавых лядовых сасулек, што віселі зімой пад дышламі, пад цыліндрамі, не было намёрзлага бруду, копаці. Паравозныя бакі льсніліся на сонцы і дрыжалі, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цыліндраў і панесціся ўдалячынь хутчэй ветру і птушкі.
А ў небе курлыкалі журавы і паблісквалі на сонцы, нібы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нізку фарфоравых ізалятараў і кінуў іх высока-высока ў блакітныя бездані неба.
Хораша вясной! І дыхаць лягчэй, і на нагах неяк цвярдзей становішся. І цяплей куды робіцца. І не трэба дзень пры дні сядзець у цесным вагоне і дыхаць цяжкім смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. І дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размінае пад сонцам старыя косці і турэцкую вайну ўспамінае. А калі дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго і Міколка аціраецца.