Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 11
Міхась Лынькоў
— Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!
— А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады і пойдзем…
Прыйшоў і доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот, не падпускаючы ні на крок Міколку.
— Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзіся!
Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Гукнулі з сабой і невялічкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку і, наставіўшы хвост пісталетам, важнецка бег перад паляўнічымі, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хваліў такіх паводзін і штохвіліны падганяў «ганчака»:
— Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!
Але відаць было, што асаблівага спрыту ў паляўнічых справах Жэўжык не меў і толькі кідаўся ў розныя бакі, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка і зусім знік, сігаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі намачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала паблізу. Толькі і заўважылі каршука, які лятаў кругамі над ляском, апускаючыся ніжэй і ніжэй. І ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.
— Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлім!
— А што ты думаеш? Пеканём!
Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пістон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам, як Міколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусію распачаў:
— Не павінен ты, дзед, першы страляць!
— Як гэта так?
— А так… Ты вунь колькі настраляўся за сваё жыццё: і з стрэльбы страляў, і з гармат смаліў… Сам жа казаў, колькі ты дывізій турэцкіх палажыў… Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю…
Дзед падумаў з хвіліну, патыліцу пачухаў:
— Наконт турак ты гэта правільна… Ну што ж, страляй… Толькі глядзі, станавіся моцна, а то паваліцца можаш ад аддачы.
— Нічога, вытрымаю…
Міколка ўпёрся нагой у купіну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэліўся ў каршука, аж руля захадзіла ходырам, да таго рукі дрыжалі.
— А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! — раіў дзед, стоячы збоку.
Прыжмурыў вока Міколка, на курок націснуў. І што адбылося тут, дык і сам дзед спачатку нічога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку, мякка ахінаючы кусты і дрэвы. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць.
— Дзе ты, Міколка? — запытаўся, ачухаўшыся, дзед.
Ніхто не адказаў, і дзед яшчэ раз запытаўся. Ізноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты і пачаў на ўвесь голас клікаць унука. Урэшце, як з-пад зямлі, раздаўся ціхі, прыглушаны голас:
— Я тут, дзеду, а што з каршуком?
— А ліха з ім, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?
Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Той ляжаў на зямлі, перакінуўшы праз купіну ногі, і цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусім перапалохаўся.
— Ці жыў ты хаця?
— Жыў! А ты, дзеду?
— Як бачыш, варушуся…
З дзедавай дапамогай Міколка ўстаў на ногі. І тут толькі яны заўважылі, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталіся адны толькі ўспаміны. І каб сказаць прыемныя — дык не: адна толькі пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Ні рулі, ні шомпала нідзе паблізу не аказалася, колькі ні шукаў іх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай «арудзіі», як часам называў ён сваю стрэльбу.