Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 8
Міхась Лынькоў
— Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!
На гэта Міколка згодны. Яны ідуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбірае, каб абаранак быў большым і мякчэйшым, ды паболей маку на ім. Так мірыліся дзед з унукам, і Міколка не пярэчыў тады дзеду і прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкі крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапіліся са сну ад вялікага крыку.
Крычаў дзед:
— Ратуйце хутчэй!
Маці кінулася да лямпы, усё не магла ніяк патрапіць на яе, каб запаліць хутчэй. А дзед усё крычаў:
— Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!
— Што з табой, дзеду? — кінуўся да яго Міколка.
— Ой, гіну! Звяруга нейкая ў бараду ўбілася, стрыжэ яе, як нажніцамі…
Міколка сцяміў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:
— Уцякай, уцякай, звер і табе пальцы адгрызе!
Але Міколка ўжо трымаў звера ў руках, толькі ніяк не мог вызваліць яго з барады. Тут маці лямпу паднесла, і ўсе ўбачылі ў дзедавай барадзе звычайнага рака, які запоўз туды і заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоіўся дзед, пакуль Міколка выблытаў рака.
— Гэта ж трэба! Сплю я і чую: нешта ў барадзе шамаціць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў — галаву адгрызе.
Тут маці ўжо на Міколку ўскінулася:
— Вечна ты з бацькам з гэтымі ракамі носішся. А каб прыбраць іх як след, дык гэтага нямашака… Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магілу загнаць.
І смех тут быў, як кажуць, і грэх.
А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, і калі толькі даведваўся, што днём лавілі ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класціся спаць на падлозе. І мусіў тады Міколка мяняцца з дзедам месцамі, даваў яму прытулак на сваім тапчане, а сам ішоў на дзедава месца. Ішоў і папракаў дзеда:
— А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!
— Гарматы і ракі — розныя, браце, штукі… — уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.
— А яшчэ храбры! Вось я і то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!
— Ну што ж, на ракаў ты храбрэц… — згаджаўся дзед з Міколкам і доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.
Выйшла з дзедам і другая штука, калі аднаго разу рыбу лавілі. Праўда, і Міколка з бацькам набраліся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлі рыбу лавіць на раку. Хоць дзед і не меў асаблівай прыхільнасці да гэтага занятку, але паколькі ён быў вольны і хацелася яму крыху прайсціся, дык і далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзіць ды парады дае.
— Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед ды піпку смыголіць.
Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць. Бацька Міколку на дапамогу клікнуў. Ловяць рукамі, між карчоў шаруюць.
— Ну і вялікі ж, няйначай хунтаў на шэсць! — кажа Міколка, стараючыся спрытней падчапіць неўваротную рыбіну.