Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 12

Міхась Лынькоў

— Лоўка ж пекануў! — здзівіўся дзед. — Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялі: засмяялі б яны тут нас…

І як ні шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо і вельмі садніла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам і не паказаць віду, што яму дужа баліць, што ён вельмі напалохаўся, Міколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны «арудзія» разляцелася на кавалкі.

— Відаць, што заржавела стрэльба… Ды і набой быў моцны, праз меру… бадай з паўхунта пораху заправіў я калісьці ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам… Магло б быць, унучак, трохі горай…

І яны абодва прыняліся ўважліва шукаць забітага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нібыта нічога і не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў і да стрэлу.

— Справы! — пачухаў дзед патыліцу. — З такіх паляўнічых, як мы, і птушкі смяюцца.

А тут яшчэ некалькі пастушкоў падбегла і ўсё дапытваліся, дзе гэта такі вялікі выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася і нешта ў паветры праляцела з вялікім грукатам і вурчаннем.

Паслухалі Міколка з дзедам гэтыя размовы і, панурыўшы плечы, паклыпалі моўчкі дахаты. І каб не Жэўжык, дык зусім упалі б духам нашы слаўныя паляўнічыя. Аж адкуль ні вазьміся з’явіўся сабачка, які ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавіць дзічыну і не паспеў яшчэ расправіцца з ёй, як напаткаў Міколку з дзедам.

— Ну вось, мы цяпер і не з пустымі рукамі дахаты варочаемся, ёсць і здабытак!

І Міколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кінуўся зноў у балота. І не прайшло некалькі хвілін, як ён выбег з другой птушкай у зубах.

Так дапамог Жэўжык нашым паляўнічым паправіць крыху іх паляўнічыя справы. І да таго ўнадзіўся Жэўжык птушак лавіць, што Міколка і дзед кожнага вольнага дня ішлі з ім на луг да ракі альбо на балота і займаліся паляваннем. Ім і стрэльба цяпер непатрэбна была, малы сабачка быў вельмі спрытны на птушыную лоўлю. А слаўныя паляўнічыя прывучылі яго не псаваць здабычу, а цэлай прыносіць у рукі.

Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. І тут пасцігнула нашых паляўнічых чарговая няўдача. І, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй і пеўня. Задумала маці летам курыную гаспадарку развесці і купіла недзе тры курыцы і пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном і кожнае начы гучна выводзіць сваё непераможнае «кука-рэ-эку!».

Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, і маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. І вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнічых, як казала маці, птушыная гаспадарка ўраз загінула. Неяк надумалася маці ў сонечны дзень выпусціць курэй са скрынкі, каб яны крыху пабегалі па пяску, паглядзелі белага свету. Выпусціла, пільнавала іх сярод пуцей, але потым на хвіліну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапіўся Жэўжык. Набраўшыся вялікага паляўнічага спрыту і, відаць, прыняўшы курэй за нейкіх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй і, паклаўшы іх на парог вагона, кінуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык — за ім.