Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 87

Анатоль Астапенка

Царква павінна таксама дбаць аб развіцці нацыі, павышэнню яе аўтарытэту — «хрысціянін закліканы захоўваць нацыянальную культуру, народную самасвядомасць». Праваслаўная палітыка надае вялікую ўвагу нацыі, таму што яна ў адказе перад Богам і перад Усяленскай Царквой. «Нацыянальнае гэта цалкам неабходная частка праваслаўнага светапогляду», — адзначае ўжо палітолаг В. Г. Махнач. Важна адзначыць, што праваслаўны светапогляд, зыходзячы з выкладзеных пазіцый, засцерагае ад ператварэння нацыянальнай ідэі ў фашысцкую, ці шавіністычную.

Увага праваслаўнай Царквы да нацыі праяўляецца і ў тым, што яна не цэнтралізаваная — кожная дзяржава можа мець сваю незалежную метраполію, сваю аўтакефальную Царкву. У наш час маецца 15 кананічных аўтакефальных Цэркваў у розных краінах свету. Усяго існуе 15 аўтакефальных праваслаўных Цэркваў: Канстанцінопальская, Алесандрыйская (Егіпет), Антыахійская (Сірыя, Ліван), Іерусалімская (Палесціна), Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская. Усе гэтыя аўтакефальныя Цэрквы маюць кананічнае зацвярджэнне — прызнаны ўсімі Памеснымі праваслаўнымі Цэрквамі і зацверджаны Канстантынопалем. Аднак ёсць аўтакефальныя Цэрквы, якія не маюць кананічнага падцвярджэння сваёй аўтакефаліі — гэта: Беларуская аўтакефальная праваслаўная Царква (БАПЦ), Украінская праваслаўная замежная Царква, Украінская аўтакефальная праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату, Македонская, Эстонская, Расійская замежная, Японская.

Важнай праблемай Царквы з’яўляецца пытанне аб мове набажэнстваў. Мова — галоўны атрыбут нацыі і таму пытанне аб мове ў Царкве вельмі важнае. Яно набыло ў апошні час вялікую актуальнасць, як у сувязі з нацыянальным адраджэннем у многіх постсавецкіх рэспубліках, ды і іншых краін свету, так і ў сувязі з узростам цікаўнасці да хрысціянства і іншых рэлігій свету.

Існуюць два галоўныя накірункі развіцця моў чалавецтва. Адзін з іх, найбольш распаўсюджаны, складаецца ў развіцці народных моў, якія атрымалі з часам назву — нацыянальных. Як правіла, існуе ўзаемная адпаведнасць паміж нацыяй і мовай, на якой размаўляюць суб’екты гэтай нацыі. Гісторыя нацыянальных моў мае такі ж працяглы час, як і гісторыя чалавецтва.

Рэлігія стала крыніцай фармавання асаблівай формы зносін чалавека з Богам, крыніцай утварэння культавых моў. Функцыі культавых, ці прафетычных моў нясе зусім не вялікая колькасць моў. Галоўныя з іх: ведыйская, санскрыт, старажытнаяўрэйская, арамейская, латынь, грэцкая, авестыйская, палі і царкоўнаславянская мовы. Гэтыя мовы спецыяльна ствараліся як сродак зносін чалавека з Богам. На думку некаторых вучоных культавыя мовы ствараліся не чалавекам, а былі прадыктаваныя яму Богам.

У пытанні паходжання царкоўнаславянскай мовы — мовы праваслаўнай Царквы — шэраг багасловаў таксама схіляюцца да думак аб трансцэндэнтнасці яе паходжання. Архімандрыт Сафроній пісаў: «Слова Литургии и вообще молитв не суть только человеческие, но и данные Свыше. Церковный язык относится к сфере Божественного бытия; он должен выражать Откровение Духа и им порождённые умные видения».