Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 79

Анатоль Астапенка

За 10 год пабудовы дэмакратыі ў незалежнай Беларусі акрамя БНФ, што была ў 1989 годзе адзінай апазіцыйнай палітычнай сілай, к 2000 году вырас шэраг іншых партый і грамадскіх рухаў. Пасля перарэгістацыі партый у 1998 годзе у РБ налічвалася 18 палітычных партый.

Па характару сваёй дзейнасці партыі дзеляцца на тры групы:

1) Партыі, якія падтрымліваюць палітыку прэзідэнта і ўрада. Да іх адносяцца Беларуская камуністычная партыя (старшыня В. Чыкін), Беларуская патрыятычная партыя (заснавальнік Л. Баранкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды (лідар — Л. Сечка), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і некаторыя іншыя больш дробныя партыі.

2) Партыі апазіцыйныя прэзідэнту і ўраду: партыя БНФ (старшыня В. Вячорка), КХП — партыя БНФ (З. Пазьняк і в.а. старшыні Ю. Беленькі), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ) (старшыня С. Шушкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (старшыня М. Статкевіч), Аб’яднаная грамадзянская партыя (старшыня А. Лябедзька), Беларуская партыя жанчын «Надзея» (старшыня В. Палявікова), Беларуская партыя працы (старшыня Л. Лемяшонак).

3) Партыі, якія не прымкнулі да блоку дэмакратычных партый аб’яднаных у Каардынацыйную Раду, але з‘яўляюцца апазіцыйнымі: Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) (старшыня С. Гайдукевіч), Партыя камуністаў беларуская (ПКБ) (старшыня С. Калякін) і яшчэ некалькі дробных партый. Адзначым, што КХП — партыя БНФ на працягу 1998–1999 гадоў уваходзіла ў Кансультацыйны Савет апазіцыйных партый, але потым выйшла.

На сакавік 2000 г. згодна дадзеным атрыманым Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) па рэйтынгу папулярнасці першынства мела партыя жанчын «Надзея». Высокі рэйтынг партыі жанчын «Надзея» тлумачыцца толькі тым, што гэтая партыя менавіта жаночая, бо аніякіх істотных палітычных дзеянняў гэтая партыя не праявіла. Кожная з партый БНФ пасля расколу набірала крыху больш 2 %. Адносна высокі рэйтынг мела БСДГ, што, відавочна, абумоўлена вялікай папулярнасць Станіслава Шушкевіча, які ўзначальвае партыю.

Вынікі апытання сведчаць аб нявысокай палітычнай культуры беларускіх грамадзян. Ніжэй мы прыводзім табліцу рэйтынгу палітычных партый па даследавання НІСЭПД:

Калі б на Беларусі сёння адбыліся парламенцкія выбары, за прадстаўніка якой з партый Вы б прагаласавалі? %

Палітычныя партыі Сакавік 2000 г.
Аб’яднаная грамадзянская партыя (С. Багданкевіч) 4,5
Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — партыя БНФ (З. Пазьняк) 2,2
Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (В. Вячорка) 2,1
Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (М. Статкевіч) 2,0
Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада (С. Шушкевіч) 4,2
Партыя працы (А. Бухвостаў) 1,7
Беларуская партыя жанчын «Надзея» (В. Палевікова) 5,8
Партыя камуністаў беларуская (С. Калякін) 2,4
Камуністычная партыя беларуская (В. Чыкін) 3,3
Ліберальна-дэмакратычная партыя (С. Гайдукевіч) 1,8
Беларускае аб’яднанне «Яблоко» 1,6
Іншыя партыі 1,2