Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 78

Анатоль Астапенка

Шматпартыйнасць разгарнулася на Беларусі з пачатку 90-х гадоў, на цяперашні момант у РБ прадстаўлены фактычна ўсе асноўныя палітычныя плыні, што існуюць у краінах Заходняй і Усходняй Еўропы. У 1988 г. паўстаў Беларускі Народны Фронт, які паставіў сваёй мэтай дэмакратызацыю грамадства і нацыянальнае адраджэнне. У 1990 г. быў прыняты Закон аб мовах, згодна якому беларуская мова станавілася адзінай дзяржаўнай мовай. Пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь была прынята нацыянальная сімволіка — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пачалася чацвёртая хваля нацыянальнага адраджэння, якая доўжылася з 1988 па 1996 год — год рэферэндума, пасля якога была вернута ў некалькі мадыфікаваным выглядзе ранейшая савецкая сімволіка і быў прыняты закон аб двух дзяржаўных мовах: беларускай і рускай, што адмоўна адбілася на распаўсюджанні і развіцці беларускай мовы. Усё ж за гэты кароткі прамежак часу было зроблена вельмі шмат. Адкрываліся беларускія класы і школы, няўхільна беларусізавалася вышэйшая школа, упершыню адкрыта друкаваліся творы нацыянал-дэмакратаў часоў культа асобы, тых, хто доўгі час насіў ярлык «ворага народа». Грамадзянам Беларусі нарэшце сталі даступныя творы Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, Усевалада Ігнатоўскага… Стала магчымым выдаць кнігу «Па слядам аднаго міфа» сучаснага гісторыка Міколы Ермаловіча, якая была пад забаронай, а яе аўтар ня меў уваходу ў акадэмічныя інстытуты.

Зыходзячы з прыведзенай вышэй канцэпцыі ўтварэння нацыі-дзяржавы, кожная нацыя павіннна заваяваць свой суверэнітэт, перад гэтым прайсці шлях аўтаноміі і літаральна вельмі захацець незалежнасці. Працэс утварэння нацый-дзяржаў, які пачаўся для большасці народаў, як мы вышэй адзначалі, яшчэ ў ХІХ стагоддзі, дасягнугнуў кульмінацыі ў канцы ХХ-га стагоддзя. Ідэалогія нацыяналізму запанавала паўсюдна. Але ў Беларусі гэтая ідэалогія не стала масавай. Носьбітамі яе стала невялікая частка народа, якая і стварыла БНФ.

Напачатку, у 1988 годе ідэі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння крочылі побач. Недахоп таго і другога ў грамадстве, шматгадовая адсутнасць свабоды слова і друку, ганебны стан беларускай мовы і нацыянальнай культуры нечакана, пасля 30 кастрычніка 1988 года — часу правядзення знакамітых «Дзядоў» — скончыліся ўзнікненнем шырокага руху за дэмакратыю — Беларускага народнага фронту (БНФ).

На самым пачатку БНФ аказаўся на вяршыні палітычных працэсаў у Беларусі і задаваў пэўны тон у дзяржаўнай палітыцы. Аднак з 1995 году, пацярпеўшы паразу на выбарах у ВС, роля і аўтарытэт БНФ у грамадстве пачалі паступова падаць.

Пасля расколу БНФ у 1999 годзе на дзве незалежныя палітычныя структуры — партыю БНФ (старшыня Вінцук Вячорка) і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю (КХП) — партыю БНФ (старшыня Зянон Пазьняк) сумарны аўтарытэт абодзьвух БНФ трохі зменшыўся, хаця асноўная маса электарату засталася.