Читать «Янук, рыцар Мятлушкі» онлайн - страница 2

Людміла Рублеўская

Мятлушка (прымірэнча). Куды ж ты ідзеш?

Янук. У палац Кадука, ратаваць князёўну Даратэю!

Слухачы ўражаныя. Нават Жытнічак злазіць з дрэва і падыходзіць да Янука.

Лесавічок. Вар’ят! Ніхто з людзей не можа прайсці ў палац да Кадука!

Жытнічак. Кадук з’яўляецца толькі ў адну хвіліну — апоўдні, і толькі тады, калі яго паклічуць.

Лесавічок. Як пажадае хто-небудзь каму: «Кадук цябе забяры…», то Кадук з’явіцца…і забярэ…

Жытнічак. Князёўна Даратэя гэтаксама апынулася ў Кадука! Я чуў, што яе бацька, вялікі князь, так моцна на яе раззлаваўся, што і сказаў гэтыя словы… І якраз трапіў на страшную хвіліну. Пасля, канешне, шукаць кінуўся, узнагароду абвясціў таму, хто верне дачку…

Мятлушка. Не можа быць, не можа быць, каб родны бацька сказаў такое на дачку!

Янук. Вядома, ніхто не мог сказаць такое цудоўнай панне Даратэі! Я знайду гэтага подлага Кадука і заб’ю яго!

Лесавічок. Але ісці трэба праз Чорнае балота…

Жытнічак. Але палац Кадука вартуюць Начніцы і Страхі…

Янук (дэкламуе).

Хай сонца паліць, Хай дождж імжыць, Зліецца неба з зямлёй — А рыцар мусіць заўжды служыць Чароўнай Даме сваёй.

Я знайду цябе, о панна Даратэя!

Мятлушка. Няўжо ты не баішся?

Янук. Калі хочаш служыць сваёй Даме — нельга баяцца нічога. Каб вы ведалі, якая панна Даратэя прыгожая! Аднойчы яна скінула мне з балкона кветачку…

Янук беражліва дастае схаваную на грудзях кветку. Мятлушка бярэ яе, каб разгледзець, і палохаецца.

Мятлушка. Ой, яна несапраўдная!

Лесавічок. Як гэта можа быць? (Бярэ кветку.) Ой, праўда, яна мёртвая! (Аддае кветку Жытнічку.)

Жытнічак. Нежывая кветка! Фу! (Кідае яе на зямлю.)

Янук. Што вы разумееце! (Беражліва падымае кветку, хавае.) Гэта штучная кветка з самага тонкага шоўку. Панна Даратэя любіць прыгожыя рэчы.

Мятлушка. Нежывыя рэчы любіць нельга!

Лесавічок. Ды ён проста хоча зрабіцца князем! Ведаем мы такіх выратавальнікаў! Здзейсніць подзвіг, а пасля яму — паўкняства давай і князёўну ў дадатак!

Янук (мройна). Я мару толькі пра адно… Я выратую яе, стану перад ёй на калена… (паказвае), а яна пакладзе сваю белую ручку мне на плячо і скажа: «Высакародны Янук Шукайла-Залескі, ты добра служыў мне, і я пасвячаю цябе ў свае рыцары!»

Мятлушка. Паслухай, не хадзі да Кадука… Ты загінеш!

Лесавічок. Акрамя таго, твой меч — бяссілы. Кадука можа забіць толькі месячны прамень — нездарма ж Кадук з’яўляецца толькі ўдзень, а ў яго палацы заўсёды свеціць сонца.

Янук. Як жа можна прынесці туды прамень? Яго не зловіш…

Мятлушка. Чаму? Гэта вельмі проста! Глядзі!

Мятлушка бярэ ў рукі месячны прамень. Янук, уражаны, спрабуе зрабіць тое самае, але ў яго не атрымліваецца.

Жытнічак. Яна — дачка Поўні! Толькі Мятлушка можа ўзяць у рукі месячны прамень!

Янук. Рыцарскі меч адолее любога злодзея, а шляхецкая адвага вартая любой чароўнай зброі! Але ж я з вамі забавіўся.

Мятлушка. Давай я правяду цябе, Янук!

Янук. Яшчэ чаго! Не хапала, каб шляхціцу дапамагала лясное дзяўчо. Бывайце! (Адыходзіць).

Лесавічок. Пабеглі да русалак!

Жытнічак. Пабеглі!

Мятлушка. Вы бяжыце, сябры, а я прылячу пазней.