Читать «Янук, рыцар Мятлушкі» онлайн - страница 5

Людміла Рублеўская

Янук. (разгублена). Папраўдзе кажучы, я…(Глядзіць на ганарлівы твар князёўны і паныла паўтарае сваю легенду.) Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. У мяне была цудоўная залатая карэта, запрэжаная коньмі з каралеўскае стайні… Але іх з’елі ваўкі…

Даратэя. Разам з карэтай?

Янук. Карэта, пазбаўленая такім подлым чынам коней, пакацілася пад адхон і, упаўшы ў страшэнна глыбокае возера, затанула…

Даратэя. Разам з фурманам і лёкаямі?

Янук (адчуваючы, што князёўна з яго насміхаецца, спрабуе змяніць тэму размовы). Але я не смею больш займаць каштоўны час высакароднай паненкі аповедамі пра свае няшчасці. Даратэя, прашу вас, хутчэй пойдзем адсюль!

У пакой заходзіць Кадук. Ён зусім нястрашны. Таўшчэзны стары, які маладзіцца. Апрануты ў чорны сурдут і капялюш-цыліндр, відавочна з іншай эпохі. Белая кашуля, лакіраваныя чаравікі, у пятлічцы — кветка. У руках — вялікі прыгожы букет штучных кветак і куфэрачак.

Кадук (здзіўлены з’яўленнем Янука). Вось нечаканыя госці!

Янук (выхоплівае меч). Абараняйся, подлы выкрадальнік паненак! Я, Янук Шукайла-Залескі, выклікаю цябе на смяротны бой!

Князёўна Даратэя ўскрыквае і падае ў непрытомнасці на ложак. Што не перашкаджае ёй час ад часу прыўзнімаць галаву, каб сачыць за падзеямі.

Кадук (спакойна і лагодна). Ай-яй-яй, малады чалавек! Як не сорамна! Толькі ўвайшоў у чужую хату, адразу з мячом на безабароннага старога гаспадара… А яшчэ шляхціц!

Янук сумеўся. Не ведае, што рабіць, апускае меч.

Давай лепш прысядзем, спакойна абмяркуем усе прэтэнзіі і прапановы.

Жытнічак (выглядвае з-за трумо). Не слухай Кадука! Ён цябе падмане!

Янук сядае на прапанаванае крэсла, але адчувае, што не можа з яго ўзняцца. Дарэмна спрабуе юнак вырвацца.

Янук. Гэта несумленна! Не па-шляхецку!

Кадук (павучальна). Якія неспакойныя маладыя людзі ў наш час… Толькі ўсадзіш іх на ўтульнае месца — адразу кудысьці мкнуцца, то князёўнаў ратаваць, то Кадукоў забіваць…

Тым часам прыбягаюць Кадуковы слугіСтрахі, звязваюць юнака, адбіраюць у яго меч. Кадук са смехам кладзе букет і куфэрак на ложак, каля князёўны Даратэі. Ён скідвае цыліндр і сурдут, слугі падаюць яму чорны, з залатой аздобай плашч, карону і меч. Цяпер Кадук сапраўды падобны на злога чараўніка. Ён падымае меч і падыходзіць да Янука.

Даратэя (прыўзнімае галаву). Кадучок, няўжо ты так жорстка абыдзешся з гэтым прыгожым маладым чалавекам?

Кадук. А што зробіш, сонца маё? У маім становішчы нельга цярпець канкурэнтаў, асабліва калі яны маладыя і прыгожыя.

Даратэя. Але ж ён такі бескарыслівы, такі адданы… (Капрызна.) Мне яго шкада!

Кадук (падыходзіць да Даратэі, гаворыць напаўголаса). Падумай сама, дыяменцік мой. Калі я зараз не скончу з ім, ты можаш застацца не толькі без гэтага (дастае з куфэрка, які нёс у падарунак, прыгожае калье), але і без усяго гэтага (абводзіць рукою шыкоўны пакой). А ўспомні пра ўласны кілім-самалёт (паказвае), пра бурштынавы палац на беразе мора! А птушынае малачко, што спецыяльна для цябе прыносяць Мроі з Млечнага Шляху!

Даратэя кажа сваё штучнае «Ах!» — і зноў падае на ложак.