Читать «Янук, рыцар Мятлушкі» онлайн - страница 6

Людміла Рублеўская

Жытнічак. Хутчэй пабягу па дапамогу! Мятлушка павінна нешта прыдумаць! (Выбягае)

Кадук зноў, не спяшаючыся, набліжаецца з мячом да Янука. Той глядзіць проста ў вочы свайму кату, сцяўшы вусны, спакойны і мужны.

Кадук.

Што перад бляскам золата і сталі Пялёсткі дабрыні, агеньчык веры? Хто ўбачыць хараство Мятлушкі шэрай? Хто непахіснасць рыцара пахваліць? Чароўнай Даме дораць дыяменты, А не ўздыханні, мой ты рыцар бедны…

Падымае меч, але раптам чуюцца крыкі «Мятлушка, стой, ты загінеш!»

Улятае Мятлушка. Яркае святло асляпляе яе, яна прыкрываецца рукою. Кадук адтупае, бачачы, што Мятлушка трымае ў другой руцэ месячны прамень. Страхі таксама аступаюцца, з бояззю паглядаючы на чароўную зброю ў руцэ дзяўчыны.

Кадук. Не падыходзь! Табе тут не месца, дзіця ночы! Калі ты наблізішся да майго святла, загінеш! Пашкадуй сябе! Ляці назад!

Мятлушка. Мне ўсё роўна!

Лячу на прывідны агонь, Мая любоў зямная. Хай ночы цёмнае крыло Мяне не захінае. Імгненні ёсць — калі нішто І боль, і страх, і згуба.

(Хістаючыся, набліжаецца да Кадука, з-за спіны якога зіхаціць яркае бязлітаснае святло).

Янук. Мятлушка, ты загінеш! Стой!

Мятлушка. Жыві і помні, любы!(Кідае ў Кадука месячны прамень.)

Зацямненне. Кадук падае. Сцены палаца разбураюцца. Страхі разбягаюцца. Мятлушка на хвіліну апраменьваецца яркім святлом і падае…

Зноў святло. Але не такое сляпучае, як раней. На месцы палаца застаўся толькі прыкаваны да слупка кілім-самалёт. Вакол — лес. Над ім узыходзіць сонца. Над Мятлушкаю схіліліся Жытнічак і Лесавічок.

Жытнічак (плача). Мятлушка!

Лесавічок(стрымлівае слёзы). Мятлушачка!

Янук устае. Яго нішто больш не трымае. Глядзіць на Мятлушку, на Даратэю.

Даратэя (азіраецца вакол). Ну вось! Нічога не засталося! (Глядзіць на свае пальцы, шукаючы пярсцёнкі, намацвае завушніцы.) Ніколі, ніколі ў жыцці ў мяне не будзе больш такіх скарбаў! Гэй ты, мой рыцар!

Янук паварочваецца да князёўны.

Ты вызваліў мяне. Цяпер можаш правесці мяне дадому. Па меншай меры, кілім-самалёт застаўся… Не ісці ж мне пешкі! (Змяняе тон на какетлівы.) Урэшце, ты ж дзеля мяне столькі перанёс, праявіў такую мужнасць і вернасць! Дарогаю раскажаш мне пра свае подзвігі — ты так цудоўна расказваеш! Ну, доўга цябе чакаць?

Даратэя сама адчэплівае кілім-самалёт ад слупка, але Янук праходзіць паўз яе да Мятлушкі, схіляецца над ёю разам з Лесавічком і Жытнічкам, становіцца на калена.

Янук. Мая Чароўная Дама! Прысягаю табе ў вернасці і любові! Клянуся, што ніколі не забуду цябе і ні на кога не прамяняю. З тваім імем на вуснах, у тваю светлую памяць я здзейсню мноства слаўных подзвігаў!

Схіляецца над Мятлушкаю і цалуе яе. Раптам зноў гасне святло, а калі яно ўспыхвае, Мятлушка павольна падымецца. З ёй адбылася дзіўная змена: адзенне праменіцца яркімі колерамі, воы ззяюць, валасы зрабіліся залацістымі, вусны — яркімі, як маліны. Толькі крылы зніклі назаўсёды.

Жытнічак. Мятлушка, ты зноў жывая!

Лесавічок. Якая ты прыгожыя!

Жытнічак. У яе больш няма крылаў…

Лесавічок. Але яна зусім не баіцца сонца!