Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 71

Кастусь Тарасаў

«А што ў Полацку князю Ізяславу будзеце пець?» - спытала Анастасся. «Пра бацьку, князя Ўладзіміра песня ёсць...» - «А пра дзеда, князя Рагвалода?» - спытала Анастасся... «Калі скажа князь, спяем і пра дзеда. Мы ўсё ведаем». - «А пра маці яго, княгіню Гарыславу?» - пацікавілася Анастасся... «А што пра яе можна пець?» - адказалі старыя. І праўда, падумала маці Анастасся, не ідзе яна ў песню: вяцічаў не прылучала, рамеяў не перамагала, дружыне серабром не сыпала; цярпела і цярпела - што за песня будзе з двух словаў?

У прыцемках згубілася дарога - прывяла на луг і знікла ў высокай траве; адшукаць яе Анастасся не здолела. Яна павяла старых на пагорак, пасадзіла і занялася вогнішчам. Сляпцы супакойвалі яе - знойдзецца сцежка. У нас усе простыя сцежкі старцамі пратаптаныя, казалі яны; князі, ваяры, усе відушчыя - па вадзе могуць, а нам не бачна, дзе горш, дзе лепш - мы прасцяком. Толькі добрую сцежку не праб'еш малым лікам ды босымі нагамі. Але ранкам адчуюць яны стары след... Так, яны сляпыя, не бачаць знешняга, ды адчуваюць лепш за відушчых. Замест зроку багі ім чуццё даюць. Відушчы часам больш сляпы за іх, бо толькі знешняе бачыць, яны - нутраное, сэнс... «Які ж у нашым жыцці сэнс?» - спытала Анастасся. «Кожны свой мае», - адказвалі старцы. У іх такі: ходзяць яны па зямлі, глядзяць на іх людзі, баяцца такой бяды, спачуваюць, дабрэюць - даюць есці, даюць прытулак. Адно блага - трэба хадзіць; каб свая воля - сядзелі б увосень і зіму ля печы, а вясной і ўлетку - на прызбе. Але ж няма дзе; хоць дождж, хоць мароз, хоць разводдзе - хадзі ад вёскі да вёскі, пакуль не сканаеш...

Паціху напаўзаў на іх сівы вячэрні туман, закрываючы луг, кусты, сцяну блізкага лесу. Знік свет у гушчыні туманаў, быццам і не было нікога, апроч маці Анастассі і трох старцаў, што грэліся ля агню. Раптоўна лёгкі шолах пачуўся ўверсе, Анастасся ўзняла вочы і ўбачыла - плыве над імі сівая, як і туман, птушка; хутка і знікла яна ў тумане, нібы была прывід; і хутка прагучаў рэзкі, гаротны крык, быццам дзесьці блізка за туманнай заслонай абарвалася жыццё.

- Лунь! - сказалі старцы. - Памёр нехта. Ён заўсёды на смерць крычыць.

Смутак ахапіў маці Анастассю. Усіх серабрыць жыццё, пазначае гады цярпення, падумала яна. Можа, па смерці душа абяртаецца ў сівую птушку і ляціць скрозь туманы, як лунь, да нейкага памятнага месца і з гаротным крыкам рассейваецца над ім празрыстым, як сляза, пылам...

Ранкам сцежка аб'явілася. Старцы выстраіліся гужам, паклалі адзін аднаму на плячо руку і пацягнуліся за Анастассяй па лесе, ціха пастукваючы кійкамі. Як розна людзі свой век жывуць, думала Анастасся. Адны ў палатах мяркуюць, каго б яшчэ далучыць, прыціснуць, пабіць, другія ходзяць з кійкамі па сцежках, каб людзі баяліся далучаць, прыціскаць, біць, бачачы такія вынікі. А маё жыццё і не такое, і не гэтакае. Сляпцы хоць свае быліны нясуць людзям, а я з чым іду - са скаргай. Не, сын мой Ізяслаў, вось невідушчыя, але ж міласціны не просяць - вячэрай і начлегам ім дзякуюць, а мяне забівалі, у самоце пратрымалі дзесяць гадоў, і мая быліна - гэта начныя стогны. Чаму ж старцам пра гэта не ведаць? Вяцічаў князь Уладзімір пабіў - ратны подзвіг. А мяне забіваў - як назваць? Няхай спяюць старцы ў Полацку - дзеля праўды і вяртаюся. Але аповяд свой маці Анастасся адклала да начлегу. Прыцемкамі прыйшлі яны ў вёску. Каля старцаў сабраліся людзі, прынеслі лаўку, старыя селі, пра нешта пашапталіся і запяялі. Хрыплыя слабыя галасы нібы плакалі, ламаліся на канчатках словаў, няспешлівыя ўздыхі зліваліся ў сіплы гуд. Пустыя вачніцы сляпцоў быццам прасякалі час і прастору; здавалася, што людкі апавядаюць пра чалавечую нядолю...