Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 72

Кастусь Тарасаў

Пад ранак маці Анастассі прысніўся сон, што Бедавей і Дабрыня ў заслаўскай царкве выпалілі ёй вочы. Яна апынулася ў цемры і не рухалася, ведаючы, што яе паставілі на беразе Свіслачы, ля віру; калі зробіць крок - патоне. Раптам чыясьці рука павяла яе ад віру. Яна дакранулася выратавальнай рукі і пазнала руку Ізяслава. Нічога не бачачы, яна ўсё чула і разумела. Ён вадзіў яе па гарадах, дзе жылі яго браты і сёстры. Начнымі палямі пад крыкі драчоў прыйшлі яны ў Ноўгарад. Яна не ўяўляла, які гэта горад, але ведала, што недзе блізка Яраслаў, і адчувала маўклівую зачараванасць натоўпу, які глядзеў на пустыя яе вачніцы. Яе пасадзілі на лаўку, яна пачала пець пра трох старых, якія абяцаюць, падманваюць і руйнуюць. Нехта падышоў і пацалаваў яе ў скронь. Яна зразумела, што гэта Яраслаў і што ён просіць дараваць яму. Яна даравала... Цяпер яны ішлі зімовай дарогай; яна трымала руку на сынавым плячы, а навокал былі ваўкі... Яны апынуліся ў нейкім невядомым горадзе, у атачэнні чужых, варожых людзей, сярод якіх нехта моўчкі плакаў. Яна здагадалася, што плача, спачуваючы ёй, дачка Прадслава. Раптам сляза ўпала ёй на шчаку і сцякла па зморшчынах на губы. Яна адчула гаркоту слязы і сама наўзрыд зайшлася...

Маці Анастасся прачнулася і, крануўшы вочы, пераканалася, што плакала ў сне, і плакала, відаць, даўно... Чаго ж было плакаць, калі вёў яе Ізяслаў, думала яна. Што сурочыць ёй гэты сон? Усё хутка адкрыецца, супакойвала сябе маці Анастасся, ужо недалёка да запаветнага месца...

Праз тыдзень выйшлі яны да Дзвіны. Вось і споўнілася мара, яна на святой рацэ бацькаўшчыны; дваццаць год чакала яна гэтай хвіліны, сніла яе, уяўляла, дзеля яе цярпела і жыла. Маці Анастасся ступіла ў Дзвіну і ішла ў глыбіню, пакуль вада не падступіла да горла. Невідушчыя яе спадарожнікі моўчкі сядзелі на беразе, шануючы яе свята. А яна зачэрпвала прыгаршчамі ваду і абмывала твар і вочы, кажучы сабе, што змывае жывой вадой пыл пражытага па-за радзімай часу і прыйдзе ў Полацак, на бацькоўскі курган, абмытая, ачышчаная, прабачаная...

Цяпер дзвінская плынь вяла іх да Полацка, і ўдзень Анастасся ўбачыла ўдалечыні на пагорках супрацьлеглага берага горад і сказала старцам: «Прыйшлі!» Яны спыніліся насупраць вусця Палаты. Над ім стаяў новы дзядзінец. На тым беразе хадзілі палачане, там былі Ізяслаў, унукі... Маці Анастасся пачала махаць хусткай, заклікаючы перавозчыка. Нарэшце іх заўважылі, і нейкі чалавек да іх паплыў. Але пакуль ён вёў лодку, маці Анастасся зразумела, што не можа прайсці Дзвіну без папярэджання сына, яна павінна пашкадаваць яго, даць яму хоць нейкі час на зборы, на сустрэчу, на захаванне годнасці перад горадам. Яна сказала перавозчыку: