Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 73

Кастусь Тарасаў

- Перадай князю Ізяславу, што тут яго чакае маці.

Здзіўлены чалавек кіўнуў, і лодка пайшла назад. Яна сачыла, як чалавек пабег па сцежцы на дзядзінец. Неўзабаве па гэтай сцежцы збеглі ўніз шасцёра кметаў, селі ў струг, паставілі вёслы, і струг таропкімі рыўкамі рушыў да яе.

8

Вось блізіцца бераг, і сын Ізяслаў чакае яе на тым месцы, адкуль павезлі яе ў Кіеў. Ён стаіць ля вады, святло радасных успамінаў асвечвае малады твар. Лодка з шоргатам напаўзла на пясок, сын узяў Анастассю на рукі і паставіў на бераг. Яны абняліся. Як даўно мы разлучыліся, думала Рагнеда, тады я атуляла яго, а цяпер у яго дужыя рукі, ён прытуляе мяне. Сын сказаў ёй ціха: «Паглядзі на сваіх унукаў, маці!» Яна ўбачыла яго жонку і двух хлопчыкаў, падобных на яго. Яна ступіла да іх, апусцілася на калені, абняла. Але ўнукі глядзелі міма яе, яна зразумела куды - і азірнулася. Старцаў ужо знялі з струга, яны стаялі, чакаючы клопату...

Потым Ізяслаў праводзіў яе да кургана. Яна ўбачыла невялікі ўзгорак, парослы жорсткай травой. Маці Анастасся лягла на ўзгорак, прыціснулася тварам да зямлі. Нешта шапацела там, у глыбіні, ёй здалося, што яна чуе галасы бацькоў. «Вось і я, - шаптала яна, - я заўжды думала пра вас і шкадавала. Усё што магла я зрабіла, а чаго не зрабіла - за тое даруйце!» Вось і гэтае жаданне, гэты свой абавязак - абмыць слязьмі бацькоўскую магілку - яна выканала; упалі яе слёзы на курган, даведаюцца бацькі, што яна па іх сумавала.

Потым яна сядзела ля кургана, паглынутая ўспамінамі даўніны; сын прысеў побач.

- Шкада, што ты не бачыў дзеда і бабку, - сказала яна. - Ты крыху падобны на дзеда... Ну, а як ты жыў? - запытала яна пра галоўнае. - Што было з табой у гэтыя гады?

Сын памаўчаў, вяртаючыся памяццю на дванаццаць гадоў назад, у дзень разлукі, калі яму абвясцілі, што ён - полацкі князь. Ён прыбыў сюды з Дабрынем і айцом Кірылам, і княжанне яго пачалося з хрышчэння горада. Як і ў Заслаўі, зрубілі царкву, яна і зараз стаіць. Потым Дабрыня рушыў на Ноўгарад, айцец Кірыла застаўся тут, вучыў яго чытаць і пісьму. І жывы ён быў пяць гадоў... Тут маці Анастасся здрыганулася, зразумеўшы, што за пяць гадоў шмат затаптаў у душы сына пракляты поп з таго, што вырошчвала яна дзеля ісціны... А тры гады дзядзькам яму быў Бедавей, настаўляў ён княжацкаму разуменню... І зноў дыхнула на Анастассю сцюдзёным ветрыкам, бо чаму добраму мог вучыць княжыча дробны Ўладзіміраў баярын. Але як мог супрацьстаяць двум жорсткім мужчынам васьмігадовы хлопчык? Усе яе наказы, сам яе вобраз мусілі заглухнуць пад такім наглядам.