Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 53

Кастусь Тарасаў

- Колькі табе гадкоў, поп Сымон? - спытала яна. Поп здзіўлена задумаўся, падлічваючы свой век.

- Хто яго ведае, - адказаў ён з няпэўнасцю. - З паўсотні хутка. А табе, маці Анастасся?

- І мне шмат, поп Сымон. У чатырнаццаць мяне ў Кіеў павезлі, дваццаць год, як Ізяслаў нарадзіўся. Во колькі жыву - трыццаць пяць.

- Маладая ты, маці Анастасся.

- Сто гадоў мне, поп Сымон. Тры жыцці пражыла. Усе паднявольныя. Зашмат на адну душу. Хочацца чацвёртага, свайго - хоць бы адзін дзень пажыць.

Поп Сымон паглядзеў на яе з літасцю.

- Што, думаеш, ці будзе тое, чацвёртае? - дакарыла Анастасся.

- Пажадаеш - будзе, - адказаў поп Сымон. - Толькі якое?

- Баішся? - спытала Анастасся.

- За цябе баюся, маці Анастасся.

- А чаго баяцца? Вось цябе білі - а ты жывы.

- Бог засцярог, - сказаў айцец Сымон.

- Білі напаўсілы, - запярэчыла Анастасся.

- Білі без літасці, - сказаў Сымон. - Бог засцярог, выратаваў. За яго веру білі.

- За яго веру яго самога забілі, - не пагадзілася Анастасся. - Нашто яму цябе засцерагаць, поп Сымон?

За сцяной зарыпеў снег пад цяжкімі ботамі, і заціх рып каля акенца. «Сыч! - крыкнула Анастасся. - Чаго мерзнеш на вуліцы, як той сабака? Уваходзь!» Праз імгненне дзверы адчыніліся, і ў хату ступіў мужык за сорак гадоў - чырванаморды, з бляклымі, пустымі вачыма. На поясе паверх кажуха віселі ў яго меч і шырокі нож. «Куды ж так узброіўся? - спытала маці Анастасся. - Ці вайна?» - «Чарга на варотах стаяць», - адказаў Сыч. «Хіба тут вароты? - спытала Анастасся. - Ці тут загадалі стаяць?» - «Праходзіў міма», - весела схлусіў Сыч. «Так і ішоў бы міма, калі ішоў!» - сказала Анастасся. «Вось іду», - згадзіўся Сыч і выйшаў.

- Эх, поп Сымон, - уздыхнула Анастасся, - адкрыла б табе, чаму дазваляю Сычу парожак пераступаць...

- Скажы, - пагадзіўся Сымон.

- Не, шчырасць тваю шкадую.

Поп Сымон не стаў настойваць.

- Ці ведаеш, маці Анастасся, у які год жывём? - спытаў ён. - Хрысту тысяча год!

- Ну і што, поп Сымон?

- Добры будзе гасподзь да таго, хто верыць.

- А хто не верыць?

- За што ж яму дабрадзейства, калі не верыць?

- Дык што тут нязвыклага, поп Сымон? Так усе жывуць. Нахіліся - прывечу.

Поп Сымон заёрзаў па лаўцы.

- Схіліцца, маці Анастасся, - адно, узвысіцца праз веру - другое. Дух свабодны. Няўжо не разумееш?

- Дух свабодны, а сядзець буду тут, так?

- Дух свабодны - усё роўна дзе быць, - сказаў поп Сымон. - Тут, там, яшчэ недзе - роўная радасць.