Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 51

Кастусь Тарасаў

Аднойчы, у чарговы тыдзень яе адзіноты, пачуўшы звычнае: «Малюся, поп Сымон!», - айцец Сымон, не сцярпеўшы, сказаў праз слюдзяную пласціну: «Маці Анастасся, хачу бачыць цябе!» Была цішыня ў келлі, і маці Анастасся спытала: «Нашто табе, поп Сымон?» Ён сказаў: «Душа баліць, калі не бачу цябе! Бо ты мне родная сястра, маці Анастасся».

Зноўку было маўчанне, і яна адказала: «Ты - вартаўнік мой!» Ён сказаў: «Я не вартаўнік табе. Твой боль - рана мне!» У той час Сыч стаяў на надваротнай вежы, бачыў папа Сымона пад акенцам келлі, не чуў размовы і думаў - лаюцца. І гэта было ўдачай айца Сымона, бо ніхто яму не зашкодзіў. Ён сказаў: «Прымі мой клопат, маці Анастасся. Шчыра люблю цябе!» Яна адказала: «Малюся, поп Сымон!», але голас яе быў няцвёрды, а ўвечары яна зайшла ў царкву...

І з таго часу ўзнікла паміж імі сапраўдная патаемнасць. Абодва пацягнуліся да сяброўства, хоць ва ўсім былі розныя: поп Сымон цярпеў пабоі за асветніцтва; яна - шматгадовае забіванне гвалтаўнікамі; поп Сымон ведаў стойкасць хрысціцеля, яна - стойкасць адчаю; поп Сымон быў вольным, яна - паланянкай; поп Сымон гаварыў што думаў, маці Анастасся свае запаветныя думы тоіла; але, успрыняўшы былую княгіню за сястру і роднасную душу, поп Сымон зразумеў і цяжар яе няшчасцяў. Ён здолеў паглядзець яе вачыма і ўгадаў яе задумы. Яны здаліся яму невыканальнымі, веяла ад іх смерцю. Але яна жыла імі, поп Сымон не ведаў, як яе засцерагчы. Калі маці Анастасся зачынялася ў келлі, ён ведаў - яе зноў агарнула туга аб няздзейсненым. Ці калі маці Анастасся падымалася на надваротную вежу і ў забыцці глядзела ў напрамку нямігскай дарогі, ён ведаў - яна марыць пра бацькаўшчыну, пра Полацак, пра ад'езд, пра сына і ўнукаў, якіх прымусіць агаліць меч...

Айцец Сымон выйшаў на двор. Пачыналіся прыцемкі. Як свечка за кужалем, барвавела на сівым небе сонца. Бляклы месяц высвеціўся ў вышыні. З пасада несліся мыкі жывёлы, недзе ў гушчары завыў воўк, а ўслед трывожна разбрахаліся сабакі.

Айцец Сымон застыў пасярод дзядзінца, адчуваючы сваю адзіноту, сваю непатрэбнасць варце, мужыкам, што хадзілі ў царкву па прымусу цівуна і дзесяцкіх, якія таксама хадзілі ў царкву па княжацкаму загаду і з непераможным бязвер'ем слухалі пра бязгрэшае зачацце, ператворванне вады ў віно і ўваскрашэнне Лазара на пяты дзень па смерці. А гэтым годам будуць святкаваць тысячагоддзе Хрыстовага царства, падумаў айцец. Тысячу год ён з намі, і наказы ўсеагульнай любові разыходзяцца па зямлі. Урачысты год! Яны не могуць зразумець шчасця, якое ім выпала, - бабы, мужыкі, стражнікі, цівун, маці Анастасся. Як ім зразумець, калі яны не вераць!

Тысячагоддзе веры хрысціянскай - пазначыць гасподзь сваё свята славай міласэрнасці. З праху створаны чалавек і сыходзіць у прах, калі грэшнік; праведны ж адыходзіць да выратавання, да жыцця вечнага. І маці Анастасся за свае пакуты атрымае жыццё вечнае, калі адкіне злую памяць. Хрыстос заклікаў перамагаць зло дабром. І ён бачыць усіх, хто так робіць. І трэба, каб маці Анастасся прыняла гэты запавет...