Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 54

Кастусь Тарасаў

- Каму радасць? - насупілася маці Анастасся.

Але тут, гасячы іскру спрэчкі, загучала царкоўнае біла. Медны гул плыў хвалямі, заклікаючы ў царкву да малітвы. «Пойдзем, маці Анастасся», - прымірэнча сказаў Сымон. Анастасся апранулася ў стары кажушок, выйшлі на двор. Са сцен агароджы спяшалася пагрэцца ў царкву варта. І Сыч, угледзеўшы маці Анастассю ззаду папа, подскакам панёсся да царквы.

Айцец Сымон на вачах людзей не азіраўся на маці Анастассю, а калі азірнуўся - не было яе побач з ім, кіравалася Анастасся да варотаў. Засмучаны айцец Сымон прыкаваўся позірком да чорнай маленькай постаці, што па стромкай абледзянелай лесвіцы падымалася на вежу. «Асуджаная, - падумаў поп Сымон. - Асуджана маці Анастасся. Замала ёй таго, што ёсць, большага не атрымае, а даўніну не вярнуць. Так і будзе пакутаваць да немачы». Айцец Сымон перахрысціўся, папрасіў у Хрыста прасвятліць душу інакіні Анастассі і сумна ўвайшоў у царкву. Маці Анастасся ў гэты міг уваходзіла ў вежу. Тут быў вартаўнік. Яна кіўнула яму і па драбіне ўзлезла на назіральны ярус. Знаёмы да кожнага дрэўца далягляд адкрыўся ёй. Звычайна позірк яе пачынаў слізгаць па Свіслачы, у думках адольваючы няблізкі шлях да Бярэзіны, а па ёй да рэчкі Сургут, а па ёй у возера Плаўе, а затым па Эсе, Упле ў Дзвіну - і ў Полацак. Гэта была яе вячэрняя малітва - уяўна рухацца па гэтай звязцы рэк і азёраў, набліжаючыся да Ізяслава, ці ўяўляць на гэтых рэках ягоныя стругі, якія прыходзяць у Заслаўе нечакана для яе. Але сёння свежая спрэчка з айцом Сымонам перашкаджала ёй марыць. Асабліва ж дапякалі словы «роўная радасць». Маці Анастасся разумела, што такая радасць, да якой заклікаў яе поп Сымон, магчымая, ды толькі для каго іншага. Для яе яна немагчымая: прыняць яе азначала пагадзіцца, што Дабрыня, Уладзімір, стары Кірыла абышліся з ёй па-чалавечы, і, адабраўшы адно, далі наўзамен роўнае...

Маці Анастасся ўсвядоміла, што неадрыўна глядзіць на крыж. Вялікі, сшарэлы пад дажджамі крыж стаяў на месцы былога капішча; колькі гадоў назад яго паставілі людзі намаганнямі папа Сымона, каб асвяціць старадаўняе чорнае месца ахвярніка тутэйшым багам. Але маці Анастасся памятала, як загінуў тут вяшчун, і як пахавалі яго, і курган над яго прахам быў паблізу крыжа; суровы крыж быў падобны на таго старога. Іншы раз яна зайздросціла яго гордай смерці; стары ўзнікаў у памяці ў цяжкія хвіліны, калі яна зачынялася ад люддзей, калі не магла зразумець, чаму жыве і жыве сваё нуднае, абрыдлае жыццё. Ён не разлучыўся з тым, што любіў; яго не развялі з яго святыняй, ён не даў сябе адлучыць. А што ён рабіў бы зараз, падумала Анастасся, калі б у дзень хрышчэння горада яго не забілі? Сек бы па начах гэты крыж, варагаваў з папом Сымонам, чакаў бы яго на дарогах, як іншыя вешчуны; з адчаю і злосці пінаў бы яго нагамі, біў кіем... Ён не горшы за папа Сымона, а можа, і мацнейшы - а былі б яны ворагі. Мяняюцца людзі на свеце... Сышоў вяшчун - прыйшоў поп Сымон; розныя ў іх праўды. Быў у Полацку бацька князь Рагвалод - цяпер яе сын князь Ізяслаў. Бацька яе любіў і, баронячы яе, загінуў; сын не бароніць яе і да яе не едзе... Чым адурманілі яго памяць? Што ўтрымлівае яго?..