Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 52

Кастусь Тарасаў

3

Айцец Сымон перасек двор і ўвайшоў у келлю. Тут ён перахрысціўся на абраз, сеў у кут, ахоплены сумнівам: ці адгукнецца маці Анастасся на значнасць шчырай малітвы ў гэты год, калі айцец нябесны асабліва літасцівы. Дыхала цяплом напаленая печ. Анастасся нешта запарвала ў гаршку.

- Што пачытаць табе, маці Анастасся? - запытаў Сымон.

Анастасся задумалася і папрасіла: «Пачытай пра гарады, што бог вынішчыў».

- Гэта я дзесяць разоў чытаў, - запярэчыў поп Сымон. - Лепш што другое.

- Не трэба другое, - адмовілася Анастасся. - Чытай, што просяць. І кажух скінь. Цёпла.

Айцец Сымон паслухмяна распрануўся. Паклаўшы на калені рукі, ён адлучыўся ад Анастассі, пальцы нібы дакрануліся да старонак святога пісання, старонкі з ціхім шоргатам заварушыліся, і з'явілася патрэбная - запоўненая круглявым грэчаскім пісьмом. А з літарак пачаў узнікаць прывід белых пяскоў, і пасярод іх стаялі гарады Садом і Гамора, і айцец Сымон апавядаў пра тое, што бачыў.

«У Арамейскай пустыні стаялі два гарады. Усё даў ім гасподзь: мураваныя дамы, ваду, дрэвы, статкі і птушак. І заленаваліся садамляне маліцца, страцілі бога ў сэрцы, палічылі за шчасце буйную радасць распусты. Не засталося граху, які тут не памножыўся б сторазова. І вырашыў гасподзь спаліць гарады, што здрадзілі чысціні духу, бо закрычалі грахі аб адпаведнай помсце. І сказаў ён праведнаму Аўрааму, што спаліць Садом і Гамору. «Гасподзь, - спытаў Аўраам, - але калі ёсць у гарадах праведнікі, няўжо праведнікаў спаліш разам з грэшнымі?» - «Не, - адказаў гасподзь, - калі ёсць там хоць дзесяць праведных, не спалю». Але і дзесяці праведных не адшукалі анёлы ў Садоме. Усе распуснічалі, рабавалі, кралі, і гразь маны запоўніла гарады. Толькі праведны Лот трымаў сям'ю сваю ў чысціні. З'явіліся да яго анёлы і сказалі: «Гасподзь спаліць гарады, выводзь сваіх, хто дастойны». І ўзялі анёлы за руку яго самога, жонку і дзвюх дачок і вывелі з горада і сказалі: «Ратуйцеся, але не азірайцеся назад, бо вялікае будзе ваша няшчасце!» І толькі рушылі яны прэч па дарозе, як выпаў на вінаватыя гарады смаляны дождж, і пачуліся з вогнішча адчайныя просьбы грэшных. Жонка Лота пашкадавала палімых, здрыганулася яе сэрца, азірнулася яна назад - і абярнуў яе гасподзь у саляны стоўп».

Айцец Сымон ачуўся, літары на старонках пачалі раставаць, прывід рассеяўся, і ён убачыў, што маці Анастасся застыла ля печы, ахопленая шкадаваннем. «Вялікая мудрасць даецца ў гэтай прытчы, - сказаў айцец Сымон. - Нельга глядзець у мінулае. Хто азіраецца - той, як стоўп нерухомы, на адным месцы стаіць». - «Нічога ты не разумееш, ойча, - ціха адказвала Анастасся. - Хто не аглянецца - у таго сэрца салянае. Што лепш?» - «Не трэба, маці Анастасся, - сказаў поп Сымон. - Мінулае ў вір часу ўпала. Шукаць яго - услед кідацца. Пагібель». - «Там пагібель і тут смерць, - сказала Анастасся. - Вось, - яна дакранулася да расы, - сама па сабе журуся». - «Чаго ж журыцца, - уздыхнуў поп Сымон. - Жыццё ідзе...» Тут ён спахапіўся, але слова ўжо вылецела, закранула маці Анастассю, і ў вачах яе ўзнік той суровы прыжмур, калі цераз балоты і лясы, цераз паўтысячу вёрстаў бачыла яна Полацак і пачатак сваіх бедстваў. Так, жыццё ідзе, думала Анастасся, бяжыць час. Вось поп Сымон, дзесяць год назад сівога валаска не было, кучары на плячах ляжалі, цяпер парэдзіліся, і зусім стаў Сымон сівы.