Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 50

Кастусь Тарасаў

- Што робіш, маці Анастасся?

- Малюся, поп Сымон.

Яна была адзінокая, але і айцец Сымон быў адзінокі: жонка яго на другім годзе тутэйшага жыцця занядужала і неўзабаве сканала. Айцец Сымон прыняў смерць жонкі як выпрабаванне сваёй веры і панёс Хрыстова вучэнне ў Заслаўскае наваколле. Маці Анастасся сказала яму аднойчы, калі яны пасябравалі: «Я таму цярплю твайго бога, поп Сымон, што ты жывы». Сказала яна так таму, што вяртаўся поп Сымон са сваіх хаджэнняў з парадчэлымі зубамі, моцна збіты ці патаптаны. З Анастассяй у пачатковы год яе манаства ён трымаўся строга, прыкрываючы гэтай строгасцю сваю збянтэжанасць. Бянтэжыў айца Сымона лёс чарніцы. Іншым часам ахопліваў яго недавер уласным вачам; ён глядзеў на маці Анастассю і сумняваўся: ці павінна так быць? Вось ён, Сымон, святар, запрошаны мітрапалітам Міхаілам хрысціць паганскую кіеўскую дзяржаву, апынуўся выпадкам у глухім Заслаўі, а выпадак грунтаваўся на тым, што тут жылі былая жонка Ўладзіміра і яго сын, а каб не яны, абмінула б гэты глухі кут апостальская місія Кірылы. Можа, яго пакінулі тут, бо яе трымаюць тут, чарніцу Анастассю. А гэтая маладая жанчына - маці князёў полацкага, ноўгарадскага, уладзімірскага. Яна зведала славу і пашану, і вось яна - першая на Русі манашка, сама паліць печ, сама гатуе, жыве ялмужнай, а ён, поп Сымон, прызначаны настаўляць яе ў ісціне веры. Але мелася іншая ісціна: першай манашкай княгіня стала па чужой волі. Вялікі грэх прыняў уладыка Кірыла, калі выканаў гэтую волю князя. Хрыстос не прымае гвалту прымусу. Таму ў любую хвіліну магла маці Анастасся зноў надзець людское адзенне і вярнуць сабе княжацкае імя і годнасць. Ходзіць яна ў чорным, але адвярнуў яе ад свету гвалт. Хто не сам зразумеў - не верыць. Напачатку поп Сымон рашыў трымацца цвёрда: царква не выпрошвае веры ў Хрыста, гэта бог за веру даруе любоў.

Але калі пасля чарговага хаджэння ў Менск з святлом веры яго знайшлі на дарозе і прывезлі ў Заслаўе паўжывога, з перабітымі рэбрамі, з адбітымі грудзямі, і маці Анастасся месяц выходжвала яго, сядзела начамі ў галавах, карміла і паіла з рукі, і ўвесь гэты месяц ён чуў яе мяккі голас, яе заклік да жыцця, і лёгкі дотык яе рук адчуваўся як лекі, і ўначы пры святле лучыны ён бачыў яе без хусткі, з распушчанымі валасамі, і бачыў блакітныя, клапатлівыя вочы, - айцец Сымон пачаў шкадаваць яе і прывязаўся, як да сястры. Калі ён падняўся, а маці Анастасся вярнулася да замкнёнага жыцця ў сваёй келлі, ён ужо не мог трымацца той халоднасці, якую вызначаў для яе раней. Айцец Сымон гаварыў сабе, што бог абярнуў яго духоўную сястру ў кроўную. І з таго часу, калі дзверы келлі маці Анастассі заставаліся зачыненыя, а на пытанне: «Чаму не ясі, маці Анастасся?» - даваўся адчужаны адказ: «Пашчуся, поп Сымон!», - айцец Сымон губляўся, пакутаваў, што не ведае патрэбных для яе словаў суцяшэння.