Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 49

Кастусь Тарасаў

Айцец Сымон чытаў, а па чытанні хрысціўся і з гэтым крыжом быццам вяртаўся з суровага падарожжа ў родны дом - усміхаўся, мякчэў і казаў Анастассі, каб і яна ўбачыла: «Вялікую мудрасць даў гасподзь Бог у сваіх кнігах». Анастасся прасіла пачытаць яшчэ. Але калі айцец Сымон чытаў з Евангелля, а потым казаў: «Вялікую мудрасць даў людзям Хрыстос: палюбі ворага свайго!» - Анастасся адразу і крута пярэчыла: «Ворагаў палюбіць - нашто?» - «Палюбім ворага, - добразычліва адказваў айцец Сымон, - і не стане ворагаў!» - «Выходзіць, на каленях стаяць?» - пыталася Анастасся. Поп Сымон вытрымліваў ганьбавальны позірк і даводзіў сваю праўду: «Здацца - адно, палюбіць - іншае. Што слабы, што дужы - ёсць розніца? Ці няздольная зразумець?» Пачыналі спрачацца. Але калі поп Сымон услаўляў: «Дзеля выратавання людзей прыняў Ісус смяротныя пакуты!» - Анастасся скаланалася: «Паўдня на крыжы правісеў - незямныя пакуты! Балела яму, боль была! А пакутаў не было. Другая баба пры родах больш намучыцца. Яшчэ і памрэ». У айца Сымона наліваўся крывёю шрам - цераз лоб, шчаку, да шыі скажаў ён твар папа. Сымон абражана крычаў: «Баба! Пры родах! Гэта адно, гэта ўсё... А то бог у чалавечым абліччы»... - «А табе, айцец Сымон, - святкавала Анастасся, - калі рэбры перабілі, месяц крывёй густа пляваў, і твар пасеклі - табе таксама балела. Чаго ж мучыўся? Плоць балела, жылы парваныя. Усяго!» - «Душа балела, - крычаў поп Сымон, - што людзі глухія, ісціны не слухаюць, ходзяць у цемры падобна жывёлам». - «Усе падобна жывёле, адзін ты, поп Сымон, на святле чалавек», - усміхалася Анастасся. І абодва спрачаліся да глыбокай ночы і расставаліся, знядужаныя безнадзейнасцю пераканаць у сваім. Але іншым разам не варагавалі, слухалі адзін аднаго са спагадай і разыходзіліся задаволеныя.

За адзінаццаць гадоў такіх вячэрніх спрэчак было тысячы. Не ўсе вечары былі падобныя, іншы раз айцец Сымон апавядаў не з Бібліі, а з свайго жыцця, калі-нікалі дзялілася маці Анастасся, а поп Сымон спачувальна слухаў, часам Сыч дзе гуляў і забываўся падслухваць, а часам, слухаючы, пачынаў пазяхаць (праз акно чуліся яго пазяханні), іншым разам прыходзілі паслухаць манашкі Праскоўя і Ефрасіння, часам поп Сымон тыднямі не з'яўляўся, заняты апостальскімі паходамі па наваколлі, з якіх рэдка вяртаўся не пабіты, а часам маці Анастасся тыднямі нікога не ўпускала ў хату. Нават айца Сымона, хоць ён і ўдзень, і ўвечары падыходзіў да акенца і клікаў:

- Што робіш, маці Анастасся?

- Малюся, поп Сымон!

- Што не ясі нічога, маці Анастасся?

- Пашчуся, поп Сымон, - адгукалася яна, і той адыходзіў з цяжкім уздыхам.

Уздыхаў поп Сымон таму, што адгадваў ісціну адказу: «ніхто не патрэбны». Пачуццё падказвала яму, што маці Анастасся не моліцца - ляжыць ніцма, утаропіўшы гаротны позірк у сцяну, не думае пра бога - пакутуе, а есці не хоча з раўнадушша да сябе і жыцця.

Маці Анастасся ляжала ніцма, адшукваючы хоць нейкі доказ сваёй неабходнасці на свеце. Раней сэнсам жыцця былі свабода, вяртанне на бацькаўшчыну, помста. Усё гэта здрабнела: дзеці выраслі пры чужых людзях і зажылі сваім жыццём, забыліся пра яе, а для яе нічога не змянілася. Час размываў яе праўду. Яе саму забывалі; можа, ужо і забылі. Толькі ў гэтым маленькім Заслаўі ведалі, што яна жывая. Ды як вырвацца з забыцця? Усё жыццё яна была адзінокая; ніхто не наважыўся прыйсці да яе, парушыць хлусню і забароны. Хто захоча цяпер? У каго ёсць памяць, сіла, смеласць, жаданне? Маці Анастасся знемагала ад безнадзейнасці, а пад акенцам таптаўся поп Сымон.