Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 48

Кастусь Тарасаў

Была крывіцкая князёўна, кіеўская княгіня, зрабілася самотніца, цень забранай істоты, нейкі ўцінак без прошласці і будучага. Нават гэтае жыццё, гэтая келля для інакіні Анастассі - акровак ад полацкай княжай палаты, кіеўскага двара, камора ад той пяцісценкі, дзе пражыла яна з Ізяславам мінулы год і дзе пасяліўся поп. Так, цень, ператворана яна ў чорны цень, які не можа пакінуць ніякага следу...

Ды не, не, тут ён не выказаў смеласці, князь Уладзімір, падумала Рагнеда; балгары і ляхі хрысціліся раней, і нічога благога багі ім не зрабілі, старыя багі змірыліся з новым. Магчыма, так трэба і так будзе лепш. Час пакажа. Але страх і маладушша валодалі ім, калі ён вырашыў адабраць у мяне маё імя і даць чужынскае.

Чагосьці князь Уладзімір пабаяўся. Можа, пабаяўся памяці сваёй - і ахвяраваў мяне новай царкве. Ён, Дабрыня, Кірыла дамовіліся - будзе цень. Усё адабралі: зямлю, уладу, дзяцей. Усё могуць адабраць і што вакол мяне, ды нічога, што ў сэрцы. Тут не маюць яны моцы, рашыла Рагнеда. Яны пастрыглі мяне, назвалі інакіняй, але душа ў мяне ранейшая, і маіх жаданняў ім не змяніць. А калі ды як яны споўняцца - лёс пакажа. Няхай спачываюць, як зямля зімой пад снежнай посцілкай.

Няхай спяць дзесяць гадоў да прызначанага дня. Вось час майго цярпення.

2

Звычайна на зломе дня, калі скрозь слюдзяное акенца ўжо не прасочвалася ў келлю святло і маці Анастасся запальвала лучыну, рыпелі дзверы і айцец Сымон пераступаў парог. Айцец Сымон уваходзіў, хрысціўся на абраз, даўно падараваны ім Анастассі за вылячэнне, і садзіўся ў кут. Анастасся моўчкі чакала звычнага пытання. Сымон таксама памоўчваў у дарэмнай надзеі, што яна першая пачне размову. Маўчанне зацягвалася, і, завязнуўшы ў ім, поп Сымон збянтэжана абрываў гэтую нудную цішыню.

- Што пачытаць табе, маці Анастасся?

Чытаў поп Сымон з Бібліі па памяці.

Анастасся называла: пра братоў-пакутнікаў. Але ў айца Сымона была свая мэта, ён адразу ж пярэчыў: «Пра братоў шмат чыталі, лепш новае пачытаю».

Анастасся прысланялася да печы, гатовая слухаць, і сачыла, як худы, змораны твар айца Сымона прасвятляецца, а чорныя, іскрыстыя вочы пачынаюць бачыць нешта далёкае, і вось ужо ён і духам не тут, у келлі, а ў тых даўніх пустынях і гарадах, дзе нарадзіўся, хадзіў і быў распнуты ягоны бог. Айцец Сымон апавядаў, яна слухала і яшчэ чула, як за сцяной звычна крадзецца пад акенца вечны яе наглядчык Сыч. Ліпнуць вухам да сцяны даўно яго не абавязвалі - падслухваў Сыч ад нуды.