Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 84

Апулей

16. Аднак нашы паганыя ўцекачы, нашы важакi, аслепленыя страхам магчымай пагонi, не паслухалi карысных парад i, не дачакаўшыся блiзкага ўжо свiтання, каля трэцяй начной варты наўючылi нас i пагналi па дарозе. Асцерагаючыся небяспекi, пра якую нам гаварылi, я, наколькi мог, трымаўся ў самай сярздзiне натоўпу, старанна хаваючыся за iншых уючных аслоў i коней, i зберагаў свой хрыбет ад нападу. Усе ўжо пачалi дзiвiцца з майго спрыту, бо я пераганяў усiх. Аднак гэта жвавасць сведчыла не пра маю бадзёрасць, а пра маю палахлiвасць. Таму мне падумалася, што, магчыма, i славуты Пегас стаў лятаць ад страху, за што i празвалi яго крылатым, бо, скачучы ў вышыню i ўзлятаючы да самага неба, ён у жаху выкручваўся ад зубоў вогненнай хiмеры. Ды i пастухi, якiя нас паганялi, забяспечылiся, прадбачачы сутычкi, рознай зброяй. Хто меў дзiду, хто рагацiну, адзiн дроцiк, другi дубiну, i кожны пастараўся набраць камення, якога шмат валялася на дарозе. Былi i такiя, што ўзброiлiся завостранымi каламi, аднак большасць, каб адпужаць звяроў, несла запаленыя факелы. Не хапала толькi сiгнальнай трубы, а то быў бы з нас цалкам ваенны атрад.

Абышоўшыся ў гэтай мясцовасцi толькi страхам, мы трапiлi ў горшую бяду. Ваўкi, цi то напалохаўшыся гоману, узнятага натоўпам, цi яркага полымя факелаў, цi то палюючы ў iншай мясцовасцi, зусiм на нас не напалi i нават блiзка не паказалiся.

17. А вось жыхары нейкага сельбiшча, каля якога давялося нам iсцi, падумаўшы, што мы разбойнiкi, смяртэльна перапалохалiся, баючыся за сваю маёмасць, i выпусцiлi на нас вялiкiх, выдрэсiраваных для вартаўнiчай службы сабак, злейшых за ваўкоў i медзвядзёў, нацкоўваючы iх рознымi выкрыкамi. Сабакi, злыя ад прыроды i раз'юшаныя гоманам, узнятым гаспадарамi, нападаюць на нас i без разбору пачынаюць абрываць жывёлу i людзей i шмат каго збiваюць з ног.

Клянуся Геркулесам, што гэта вiдовiшча заслугоўвае не столькi ўспамiнаў, колькi спачування. Сабакi зграямi хапалi тых, хто ўцякаў, другiя нападалi на тых, што стаялi, а трэцiя валтузiлi ляжачых i па ўсiх прайшлiся зубамi. А да гэтай небяспекi дадаецца другая, яшчэ горшая. Жыхары паселiшча пачалi раптам кiдаць са сваiх стрэх i з суседняга ўзгорка каменне, дык мы ўжо не ведалi, якой бяды асцерагацца: тут сабакi рвуць, адтуль каменне ляцiць. Здарылася, што адзiн камень трапiў у галаву жанчыне, якая ехала на мне. Яна пачала плакаць i клiкаць на дапамогу свайго мужа, таго пастуха, якi мяне даглядаў.

18. Ён пачаў заклiкаць багоў у сведкi, выцiраць з жончынага твару кроў i крычаць яшчэ мацней: "Чаго вы нападаеце на няшчасных людзей, пакутнiкаў-падарожных? За што гонiце нас з такой лютасцю? Якой вам трэба нажывы? За якiя ўчынкi нам помсцiце? Вы ж жывяце не ў звярыных пячорах цi ў дзiкай глухменi, каб радавацца з пралiтай крывi!"

Як толькi ён гэта сказаў, зараз жа спыняецца град камення i па камандзе зацiхае ўзнятая сабакамi злавесная бура. А тады адзiн селянiн з верхавiны кiпарыса гаворыць: "Мы пачалi бойку не на тое, каб адабраць ад вас вашы набыткi, а баранiлi ад вашых рук сваё. Цяпер вы можаце спакойна працягваць сваё вандраванне".