Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 86

Апулей

22. Паспешлiва прайшоўшы даволi значную адлегласць, спынiлiся мы ў нейкай вёсцы, дзе i адпачывалi ўсю ноч. Там адбылося вартае ўспамiну здарэнне, пра якое я хачу расказаць.

Нейкi нявольнiк, якi з даручэння гаспадара кiраваў усёй яго гаспадаркай i, апроч таго, загадваў вялiкiм маёнткам, тым самым, дзе мы спынiлiся, жыў тут i быў жанаты з нявольнiцай з таго самага дому, але меў гарачую схiльнасць да нейкай вольнай жанчыны ў суседстве. Яго жонка, пакрыўджаная здрадай, спалiла ўсе яго рахунковыя кнiгi i ўсё, што захоўвалася ў свiрне. Аднак, не адчуваючы сябе яшчэ цалкам задаволенай i палiчыўшы, што такая страта з'яўляецца недастатковай помстай за апаганенне яе шлюбнай пасцелi, звярнула гнеў супраць самой сябе. Усунуўшы галаву ў пятлю i прывязаўшы да сябе народжанае ад таго ж мужа дзiця, яна разам з iм кiнулася ў глыбокую студню.

Гаспадар, даведаўшыся пра гэту смерць, вельмi разгневаўся на свайго нявольнiка, якi давёў жонку да такога ўчынку, загадаў схапiць яго, распрануць, вымазаць усяго мёдам i моцна прывязаць да фiгавага дрэва. А ў дупле гэтага дрэва быў мурашнiк, i мурашкi там, снуючы туды i сюды, аж кiшэлi. Як толькi дайшоў да iх салодкi мядовы водар ад цела прывязанага чалавека, яны пачалi глыбока ўпiвацца ў яго хоць дробнымi, але незлiчонымi i няспыннымi ўкусамi. Доўга рвалi яны яго i, з'еўшы мяса i ўсе вантробы, начыста абгрызлi ўсяго. I застаўся прывязаны да дрэва толькi сляпучай белiзны шкiлет.

23. Пакiнуўшы гэту агiдную мясцовасць, дзе засталiся засумаваныя людзi, мы падалiся далей i, вандруючы цэлы дзень па раўнiннай дарозе, вельмi стомленыя, дайшлi да нейкага шматлюднага славутага горада. Тут тыя пастухi, спакушаныя чуткамi аб багаццi прадуктаў i спадзеючыся знайсцi бяспечнае сховiшча ад магчымых праследаванняў, вырашылi асталявацца назаўсёды. Далi сваёй уючнай жывёле тры днi адпачынку, каб мы аднавiлi сiлы, набылi лепшы выгляд i каб лягчэй было нас прадаць, а пасля вывелi на рынак. Калi вяшчальнiк гучным голасам назваў цану кожнага з нас, конi i аслы былi раскуплены багатымi грамадзянамi, а каля мяне, якi застаўся ў адзiноце, праходзiлi з пагардай. Мне надакучыла абмацванне пакупнiкамi, якiя па зубах хацелi пазнаць мой узрост, дык калi адзiн з iх пачаў ужо каторы раз пароцца смярдзючымi рукамi ў маiх дзяснах, я схапiў зубамi яго брудную смуродную руку i моцна скалечыў. Гэта здарэнне адштурхнула ад куплi людзей, якiя мяне акружалi, бо яны палiчылi мяне дзiкай жывёлiнай.

Тады вяшчальнiк, надрываючы горла да хрыпаты, пачаў жартаўлiвымi прымаўкамi ўслаўляць мае якасцi: "Цi доўга яшчэ давядзецца нам выводзiць на продаж гэтага каня, старога, слабога, з разбiтымi нагамi, пачварнага ад хвароб i ўсё ж, нягледзячы на яго тупасць i гультайства, наравiстага, прыдатнага хiба што на рэшата для жвiру? Калi б яго каму-небудзь аддаць задарма, дык шкада на яго кармоў!"