Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 85

Апулей

Гэтак ён сказаў, i мы пайшлi далей, усе па-рознаму пацярпеўшы: хто ад камення, хто ад сабак — нiхто не застаўся цэлы. Прайшоўшы некаторую адлегласць, дабралiся мы да нейкага гаю з высокiх дрэў, упрыгожанага зялёнымi лужкамi, дзе нашы паганятыя захацелi спынiцца, каб падсiлкавацца i залячыць свае раны. Расцягнуўшыся на зямлi, хто дзе, перш усе адпачываюць ад стомы, а пасля пачынаюць залечваць рознымi сродкамi свае балячкi. Абмывалi кроў у вадзе блiзкага ручая, прыкладвалi да пухлiн губкi з воцатам, бiнтавалi адкрытыя раны. Так кожны па-свойму клапацiўся аб сваiм здароўi.

19. Тым часам з вяршынi ўзгорка сачыў за намi нейкi стары, якi пасвiў дробную жывёлу, побач з iм скублi траву козы. Нехта з нашых папытаўся ў яго, цi не прадаў бы ён свежага малака або сыру. Але ён доўга кiваў галавой i нарэшце кажа: "I вы яшчэ думаеце пра ежу i пiтво i наогул пра якiсьцi адпачынак! Няўжо вы не ведаеце, у якiм месцы знаходзiцеся?" Пасля гэтага ён сабраў сваiх авечак i падаўся прэч. Гэта гутарка старога i яго ўцёкi нагналi на нашых пастухоў страх. I пакуль яны ў жаху стараюцца здагадацца, чым пагражае гэта мясцовасць, i не знаходзяць нiкога, хто б мог iм расказаць, наблiжаецца па дарозе другi стары высокага росту, моцна прыгнечаны гадамi, усiм целам апiраючыся на кiй, ледзь цягнучы ногi i аблiваючыся слязьмi. Убачыўшы нас, ён заплакаў яшчэ мацней i, дакранаючыся ўсiм маладым людзям па чарзе да каленяў, упрошваў так:

20. "Заклiнаю вас Фартунай i вашымi генiямi-апекунамi, дажывiце вы да майго веку, памажыце знямогламу старому i майго малога, схопленага пеклам, вярнiце мне, струхлеламу! Унучак мой i неадступны спадарожнiк у гэтай вандроўцы захацеў злавiць верабейчыка, якi чырыкаў на плоце, i звалiўся глыбока ў роў, зарослы кустамi. Жыццё яго ў страшнай небяспецы, па яго стогнах i па тым, як ён штохвiлiны клiча дзядулю на дапамогу, чую, што ён яшчэ жывы, аднак дзеля сваёй слабасцi памагчы яму не магу. А вы, маладыя i дужыя, лёгка можаце аказаць падтрымку няшчаснаму старому i вярнуць мне жывым i здаровым майго наймалодшага з нашчадкаў i адзiнага парастка".

21. Ад таго, як ён прасiў, iрвучы свае сiвыя валасы, усiх ахапiў жаль. I адзiн з пастухоў, адважнейшы, маладзейшы i мацнейшы целам, прытым адзiны, хто выйшаў непакалечаны з апошняй сутычкi, хутка падымаецца i, запытаўшы, дзе звалiўся хлопчык, без хiстання iдзе за старым да густых кустоў, куды той паказаў яму пальцам.

Тым часам усе адпачылi, залячылi раны, накармiлi нас i, сабраўшы рэчы, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Спачатку доўга клiкалi па iмю таго юнака, нарэшце, занепакоiўшыся яго доўгай адсутнасцю, выправiлi чалавека шукаць таварыша, напомнiць яму, што пара ў дарогу, i прывесцi з сабой.

Праз нейкi час вяртаецца пасланы, смяртэльна бледны, увесь дрыжыць i расказвае дзiўныя справы пра свайго сябра, быццам ён ляжыць дагары амаль увесь з'едзены, над iм сядзiць велiчэзны дракон i абгрызае яго цела, а таго старога i след прапаў. Пачуўшы гэта i параўнаўшы расказ пасланага з тым, што казаў пастух, нашы важакi зразумелi, што дракон i з'яўляецца тым лютым жыхаром гэтай мясцовасцi. Дык, пакiнуўшы небяспечную ваколiцу, шпарка пускаюцца наўцёкi, падганяючы нас частымi ўдарамi кiёў.