Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 83

Апулей

14. I, расказаўшы дакладна i па парадку пра ўсё, што ёй у сне сказаў муж, i пра тое, як, уцягнуўшы ў пастку, яна пакарала Тразiла, увагнала меч у свае грудзi, прамарматала нейкiя незразумелыя словы i звалiлася мёртвая. Трымаючыся мясцовага звычаю, родзiчы старанна абмылi цела няшчаснай Харыты i пахавалi яе ў той самай грабнiцы, навек вярнуўшы ўкаханаму мужу.

А Тразiл, даведаўшыся, што здарылася, i не могучы знайсцi сабе адпаведнай кары, якая б адкупiла гэта гора, i перакананы, што смерцi ад мяча за яго злачынствы замала, загадаў занесцi сябе да той самай грабнiцы i, крыкнуўшы некалькi разоў: "Вось вам, злавесныя ценi, добраахвотная ахвяра!", даў загад шчыльна зачынiць за iм уваход, выбiраючы самасудам смерць з голаду".

15. Вось што расказаў юнак замаркочаным сялянам, перапыняючы не раз сваю аповесць уздыхамi i слязьмi. А тыя ў страху за свой лёс пры пераходзе ў рукi новых уладальнiкаў, горка аплакваючы гора ў доме ўладальнiкаў, збiраюцца ўцякаць. I старэйшы конюх, якому мяне здалi ў апеку з такiм шматзначным наказам, збiрае ўсё каштоўнае, што было прыхавана ў яго хацiне, i навальвае мне i iншай уючнай жывёле на спiны i з усiм сваiм скарбам пакiдае сваё ранейшае жыллё. Мы павезлi на сабе дзяцей i жанчын, курэй i гусей, казлянят i шчанят. Наогул, усё тое, што не магло досыць хутка iсцi i замаруджвала ўцёкi, перасоўвалася пры дапамозе нашых ног. Я не адчуваў цяжару грузу, хоць ён i быў вялiкi, так я быў рады, што ўцякаю i пакiдаю за сабой агiднага аперацыйнiка, якi замахваўся на маю адзнаку прыналежнасцi да мужчынскага полу.

Мiнуўшы хрыбет крутой гары, зарослай лесам, i зноў спусцiўшыся на роўны прастор палёў, калi ўжо дарога пачала губляцца ў прыцемку, дабралiся мы да нейкага ўмацаванага люднага i багатага паселiшча. Мясцовыя жыхары адгаворвалi нас iсцi далей уночы i нават на досвiтку, бо ўсе навакольныя дарогi былi поўныя ваўкоў, якiя адзначалiся надзвычайнай лютасцю i крыважэрнасцю. Як сапраўдныя разбойнiкi, накiдвалiся яны на падарожных i, калi былi галодныя, рабiлi налёты на суседнiя сялiбы. Цяпер гаротны лёс безабароннай жывёлы пагражае i людзям. Апроч таго, казалi нам, што ўся далейшая дарога запоўнена недаедзенымi трупамi i навокал там бялеюць паабгрызаныя косцi, дык выпраўляцца ў дарогу трэба з вялiкай асцярожнасцю, бо на кожным кроку могуць сустрэць нас неспадзяваныя засады.

Дзеля гэтага трэба пачакаць, пакуль развiднее, а нават калi мiне частка дня i сонца паднiмецца высока, бо дзённае святло спыняе лютасць дзiкiх звяроў, прытым раiлi iсцi не ўразброд, а цесным гуртам аж пакуль не мiнём гэтых небяспечных ваколiц.