Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 81

Апулей

Пры гэтай прапанове напаў на Харыту жах, яна адчула агiду i, быццам ад перуна, сонечнага ўдару цi ад маланкi самога Юпiтэра, падае, страцiўшы прытомнасць. Праз нейкi час, апрытомнеўшы, яна некалькi разоў амаль па-звярынаму завыла, да канца зразумеўшы i ўявiўшы сабе ўсю подласць Тразiла, але папрасiла пачакаць адказу на яго просьбу, пакуль яна добра не абдумае. А ўночы з'яўляецца ёй у сне цень забiтага Тлепалема з перамененым бледнасцю i залiтым сукравiцай тварам i звяртаецца да яе так:

"Жонка мая, няхай нiкому не будзе дазволена называць цябе гэтым iмем. Але калi памяць пра мяне ў грудзях тваiх занiкла цi мая горкая смерць разбурыла нашу любоў, выходзь замуж, за каго ўздумаеш, толькi не трапляй у святатацкiя рукi Тразiла, гутаркай з iм не баўся, ежы з iм не падзяляй, на пасцелi не спачывай. Цурайся крывавай рукi майго забойцы, не выходзь замуж за злачынца. Тыя раны, з якiх твае слёзы змылi маю кроў, не ўсе ад клыкоў звера. Дзiда злога Тразiла разлучыла нас з табой". I, дадаючы да гэтых слоў iншыя, расказаў, як было зроблена злачынства.

9. А яна, як i раней, у глыбiнi свайго душэўнага болю, тварам у падушку, не прачынаючыся, аблiваецца слязьмi, iрве на сабе кашулю, доўга енчыць i бязлiтасна б'е сама сябе далонямi па плячах. Не расказаўшы нiкому пра начную з'яву, старанна ўтаiўшы ўсё, што стала ёй вядома пра злачынства, пастанавiла пакараць нягоднiка i пазбавiцца ад свайго гаротнага жыцця.

Вось зноў з'яўляецца гнюсны шукальнiк прыемнасцяў, дакучаючы ёй, хоць яна не мае ахвоты слухаць, гутаркамi пра жанiцьбу. Тады яна, перапынiўшы гугарку Тразiла i з дзiвоснай хiтрасцю выконваючы сваю ролю, у адказ на дакучлiвую балбатню i прынiжаныя просьбы кажа:

"Усё яшчэ стаiць у маiх вачах цудоўны вобраз твайго брата i майго любiмага мужа, яшчэ дагэтуль мой нос ловiць пах кiнамону ад яго боскага цела, усё яшчэ цудоўны Тлепалем жыве ў маiм сэрцы. Добра будзе, калi ты дасi няшчаснай жанчыне час закончыць жалобу. Няхай пройдуць тыя месяцы, якiя завяршаюць гадавiну, што будзе адпавядаць не толькi маёй цнатлiвасцi, але будзе карысным для твайго спакою, каб заўчаснай жанiцьбай не падняць нам з магiлы на тваю загубу цень майго мужа, ахоплены справядлiвым абурэннем".

10. Аднак такiя словы не ацвярозiлi Тразiла. Нягледзячы на абяцанне, якое павiнна было ў хуткiм часе здзейснiцца, зноў i зноў з яго вуснаў выляталi нячыстыя намаўленнi, аж пакуль Харыта не зрабiла выгляду, што ён яе пераканаў i не сказала яму: "Хоць у адным прыйдзецца табе, Тразiл, уступiць: трэба, пакуль не мiнуць апошнiя днi гадавога тэрмiну, сустракацца нам так цiха i асцярожна, каб нiхто з хатнiх пра гэта не ведаў".

Перакананы ў праўдзiвасцi хлуслiвых абяцанняў жанчыны, Тразiл ахвотна згадзiўся на тайнае сужыццё. Ён адразу пачаў марыць аб ночы i аб ахутаўшым зямлю змроку, паставiўшы над усё адно сваё жаданне — авалодаць.

"Але слухай, — кажа Харыта, — захiнiся як найшчыльней у плашч i без нiякiх спадарожнiкаў, цiха прыходзь у першую начную варту да маiх дзвярэй, свiснi адзiн раз i чакай маёй кармiцелькi, якая будзе сустракаць цябе каля ўвахода. Але i ўпусцiўшы цябе, яна не запалiць лямпы, а ў цемры прывядзе цябе ў маю спальню".