Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 80

Апулей

Ледзь толькi здарылася гэта злачынства, чутка аб iм даляцела да дома Тлепалема i тут жа даходзiць да слыху няшчаснай жонкi. Пачуўшы гэту вестку, страшнейшай за якую не суджана было пачуць нiколi ў жыццi, як апантаная, страцiўшы розум, шалёна кiнулася яна бегчы па гарадскiх вулiцах, па вясковых палях, галосячы не сваiм голасам i выкрыкваючы аб няшчасцi свайго мужа. Збягаюцца да яе спагадлiвыя суседзi, да iх далучаюцца сустрэчныя, падзяляючы яе бяду, горад пусцее — усiх ахапiла жаданне ўбачыць, што здарылася. I вось яна падбягае да забiтага i, непрытомная, валiцца на мёртвае цела. У той момант ледзь не аддала душу свайму мужу, якому даўно яе прысвяцiла. З вялiкай цяжкасцю ўгаворваюць i падымаюць яе родзiчы, i яна, насуперак сваёй волi, застаецца жывая, а пахавальная працэсiя ў суправаджэннi ўсяго народа накiроўваецца да магiльнага склепа.

7. А Тразiл не пераставаў лямантаваць, плакаў надзвычайна i пралiваў слёзы, якiя ў першыя хвiлiны скрухi не хацелi паказвацца, а цяпер, вядома, ад усё большай радасцi пацяклi. Ён ашукваў саму багiню Iсцiны, абсыпаючы ласкавымi словамi i найменнямi нябожчыка. Жаласлiвым голасам называў яго i сябрам, i аднагодкам, i таварышам, i нават братам, а тым часам стараўся паўстрымаць рукi Харыты, якая бiла сябе ў грудзi, супакойваў яе роспач, стрымлiваў ад ляманту, ласкавымi словамi змякчаў джала гора, выказваючы суцяшэннi шматлiкiмi прыкладамi розных няшчасцяў. I з усiмi гэтымi няшчырымi клопатамi не прапускаў магчымасцi дакрануцца да жанчыны, стараючыся крадзенымi прыемнасцямi здаволiць свой ненавiсны юр.

Як толькi скончылiся пахавальныя абрады, маладая жанчына пачала думаць, як ёй чым хутчэй сысцi ўслед за мужам у магiлу, i, перабраўшы розныя спосабы, спынiлася на сама лёгкiм, спакойным, якi не патрабаваў нiякiх прылад — яна зусiм адмовiлася ад ежы, перастала пра сябе клапацiцца i, развiтаўшыся з дзённым святлом, зачынiлася ў сама цёмным пакоi.

Аднак Тразiл з напорам i настойлiвасцю, дзе ўласнымi довадамi, дзе праз сваякоў маладой жанчыны, дабiўся таго, што яна згадзiлася асвяжыць лазняй сваё цела i падмацаваць свае сiлы ежай. Яна, з увагi на бацькоў, хоць i супраць сваёй волi, падпарадкавалася святой неабходнасцi i, вядома, з невясёлым тварам, але ўжо трохi праясненым, вяртаецца, на агульнае патрабаванне, да жыццёвых звычак. Толькi ў яе ў грудзях, у сама патаемнай глыбiнi сэрца, цяснiлася скруха, i няўцешная туга нi ўдзень, нi ўночы не давала спакою. Акружыўшы сябе статуямi, якiя выяўлялi нябожчыка ў выглядзе бога Лiбера, у няспынным служэннi аддавала яму боскую пашану, мучаючы сябе гэтым суцяшэннем.

8. Тым часам Тразiл, чалавек наогул парывiсты i, як падказвае яго iмя, безразважны, не дачакаўшыся, каб журба спатолiлася слязьмi, супакоiлася шаленства ў разбiтым розуме, каб аслабела празмернасць гора i каб яно само сябе зжыло, пачаў без сарамлiвасцi гаварыць пра шлюб з жанчынай, якая яшчэ няспынна аплаквала свайго мужа, раздзiрала адзенне, iрвала на сабе валасы. З брудным нахабствам выдаў ён таямнiцу сваёй душы i неймавернае сваё каварства.