Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 79

Апулей

4. Аднойчы Тлепалем, узяўшы з сабой Тразiла, адправiўся на паляванне з надзеяй высачыць дзiкага звера, калi дзiкiмi могуць быць названыя сарны. Справа ў тым, што Харыта не дазваляла свайму мужу ганяцца за звяр'ём, якое ўзброена клыкамi або рагамi. I вось яны ўжо ля падножжа лясiстага ўзгорка, дзе ў ценi цесна пераплеценага голля хавалiся ад вачэй паляўнiчых сарны. Каб выгнаць зверыну з яе логава, выпускаюць адмыслова натрэнiраваных сабак, якiя разбiваюцца на зграi i займаюць усе выхады, перш толькi глухiм вурчаннем, а пасля раптам узнiмаюць моцны брэх.

Але выскоквае зусiм не сарна, не нясмелая козачка, не сама сцiплая з усiх звяроў лань, а велiчэзны, незвычайных памераў дзiк з напятымi пад тоўстай скурай мускуламi, калматы ад узнятага на хрыбце шчацiння, ляскаючы запененымi зубамi, з полымем у грозных вачах, злосна равучы, увесь у сваiм дзiкiм парыве, як неўтаймаваны пярун. Найперш ударамi клыкоў направа i налева ён успароў жываты некалькiх сабак, якiя заблiзка падбеглi да яго, пасля растаптаў нашы кволыя сетачкi i пабег далей.

5. Мы ўсе ў жаху, непрывычныя да такiх небяспечных паляванняў i прытым бяззбройныя i нiчым не ахаваныя, шылiся глыбей у гушчар. А ў той час падступны Тразiл, убачыўшы зручны для сябе выпадак, звяртаецца да Тлепалема з такой хiтрай гутаркай: "Няўжо мы за прыкладам гэтай подлай чэлядзi спужаемся i выпусцiм з рук такую каштоўную здабычу? Мы ж не бабы? Чаму б нам не ўскочыць на коней i не пусцiцца наўздагон? Хапай вунь рагацiну, а я вазьму дзiду!"

I вось праз хвiлiну яны селi на коней i паскакалi ўслед за зверам. А той, не забыўшыся пра сваю прыродную сiлу, адварочваецца i, палаючы страшнай лютасцю, ашчэрыўшы клыкi, на момант спыняецца i азiраецца, выбiраючы, на каго першага накiнуцца. Перш Тлепалем усадзiў сваю зброю ў спiну зверу, а Тразiл, мiнаючы вепра, падразае кап'ём паджылкi заднiх ног каню, на якiм ехаў Тлепалем. Сцякаючы крывёй, конь перакулiўся, скiнуўшы ездака. А раз'юшаны звер не марудзiць, кiнуўшыся на ляжачага, раздзiрае на iм перш вопратку, а калi той хацеў прыўзняцца, наносiць яму клыком глыбокую рану. Аднак добрага сябра не збянтэжыў гэты злачынны пачатак, наадварот, яму здавалася, што такое небяспечнае становiшча не можа задаволiць яго нянавiсцi, дык калi Тлепалем у адчаi стараўся ўберагчы ад удараў параненыя ногi i клiкаў на дапамогу, ён прабiў кап'ём яго правае бядро з упэўненасцю, што рана ад зброi вельмi падобная да слядоў ад звярыных клыкоў. Пасля таго тут жа прыкончыў звера.

6. Гэтак расправiўся ён з юнаком, а тут мы збягаемся, кожны вылезшы са сваёй схованкi. А Тразiл, хоць у душы цешыўся, што здзейснiў сваё запаветнае жаданне i знiшчыў ворага, не даў твару паказацца вясёлым, а наморшчыў лоб, прыняў сумны выгляд i, абняўшы цела таго, каго сам загубiў, вельмi ўмела прыкiдваўся чалавекам, прыбiтым горам. Вось толькi слёзы не былi паслухмяныя яму i не паказвалiся на вачах. Напусцiўшы на сябе збедаваны выгляд, каб стаць падобным да тых, хто шчыра гараваў, усю вiну сваiх рук ён звалiў на звера.