Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 78

Апулей

"Вы, конюхi, аўчары i валапасы! Няма ўжо ў нас Харыты. Страшнай смерцю загiнула нябога i не без спадарожнiкаў пайшла на той свет. Але, каб усё было вам ясна, пачну спачатку. А здарэнне гэта такое, што каб даведалiся пра яго людзi адукаваныя, якiх лёс надзялiў пiсьменнiцкiмi здольнасцямi, дык яны маглi б напiсаць пра гэта цэлую аповесць.

У суседнiм горадзе жыў малады чалавек высакароднага паходжання, багацце якога было роўнае яго славутасцi, якi, аднак, з'яўляўся прыхiльнiкам распусты, разбэшчанасцi i п'янства. Таму не дзiва, што ён звязаўся з разбойнiцкай шайкай i нават быў замешаны ў забойстве. Зваўся ён Тразiл. Як ён сябе паводзiў, такая iшла аб iм слава.

2. Як толькi Харыта даспела да замужжа, ён апынуўся ў лiку сама настойлiвых шукальнiкаў яе рукi i з вялiкай настырнасцю дамагаўся сваёй мэты. Аднак, хоць ён далёка за сабой пакiнуў сваiх сапернiкаў i багатымi падарункамi стараўся схiлiць бацькоў на згоду, благая слава шкодзiла яго справе, i ён, на вялiкую сваю крыўду, атрымаў адмову. А калi гаспадарская дачка выйшла за добрага Тлепалема, Тразiл, не перастаючы падтрымоўваць у сабе страчанае для яго каханне, да якога дамяшалася пачуццё рэўнасцi, задумаў крывавае злачынства. Знайшоўшы магчымасць пранiкнуць у дом, ён распачаў здзяйсненне свайго даўно абдуманага плана. У той дзень, калi дзяўчына дзякуючы спрыту i адвазе свайго жанiха была вызвалена ад крыважэрных разбойнiкаў, Тразiл, выказваннем радасцi звяртаючы на сябе ўвагу, умяшаўся ў натоўп вiншавальнiкаў. Быццам вельмi рады шчасцю маладых i iхняму будучаму патомству, ён быў з увагi да яго знакамiтага паходжання прыняты ў доме побач з сама ганаровымi гасцямi. Тым часам, схаваўшы свой злачынны намер, ён рабiў выгляд, што напоўнены найлепшымi сяброўскiмi пачуццямi. Бясконцымi гутаркамi i сустрэчамi, а таксама ўдзелам у застоллях i банкетах ён зблiзiўся з сям'ёй i непрыкметна самому сабе штораз глыбей апускаўся ў бездань кахання. I праўда, цi ж полымя палкага кахання не саграе нас першым сваiм цяплом, а пасля, калi знаёмства, прыносячы толькi часовае палягчэнне, раздзьмухае пачуццi, цi ж не спапяляе яно нас сваiм жарам?

3. Шмат часу страцiў Тразiл на свае думкi, не ведаючы, што рабiць яму далей. Магчымасцi пагаварыць сам-насам не надаралася, усё меншай станавiлася надзея на прыхiльнасць жанчыны, i, маючы на сваiм шляху шматлiкую варту, не знаходзiў ён спосабу супакоiць сваё ўвесь час свежае i штораз мацнейшае пачуццё. Дый нявiннасць i недасведчанасць маладой жанчыны, калi б яна i згадзiлася на тое, на што згадзiцца не магла, служылi б немалой перашкодай у парушэннi яе жаночай вернасцi.

I ўсё ж, не зважаючы нi на што, са згубнай упартасцю iмкнуўся ён да немагчымага, як быццам было яно магчымым. Калi захапленне авалодвае намi ўсё мацней i мацней, дык тое, што звычайна лiчым мы цяжкай справай, пачынае здавацца зусiм магчымым i лёгкiм. Дык вось, звярнiце ўвагу i пiльна паслухайце, на якiя крайнасцi аказалася здольным раз'юшанае пачуццё.