Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 124

Апулей

7. Давёўшы да канца сваё поўнае зычлiвасцi прадказанне, непераможная багiня знiкла. Разам са сном пакiдае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступiў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутнасцю багiнi, я зноў апускаюся ў марскую ваду i, каб не забыць яе вялiкiх наказаў, абнаўляю ў памяцi па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.

Неўзабаве знiк туман цёмнай ночы, усходзiць залатое сонца, i вось ужо ўсе вулiцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як i ў час трыумфальнага шэсця. Не гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што i ўсё невокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёлiна, кожны дом i сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымi радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулi прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якiя далiкатнымi трэлямi ўслаўлялi мацi зор i пораў года, валадарнiцу ўсяго свету. Нават дрэвы, i пладаносныя, якiя прыносяць багаты ўраджай, i бясплодныя, якiя абмяжоўваюцца толькi тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру паблiскваюць свежымi лiсточкамi, цiха калышуць галiнкамi i выдаюць мяккi шэлест. Зацiх шум навальнiц, уляглiся раз'юшаныя хвалi, мора спакойна набягае на бераг, разышлiся цёмныя хмары i ззяе блакiтам чыстае i яснае неба.

8. Вось з'яўляюцца першыя ўдзельнiкi велiчнай працэсii, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ i выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалi i рагацiна ператварылi ў паляўнiчага, iншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убраннi, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымi ў косы валасамi плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом i мячом, быццам вось толькi прыйшоў з гладыятарскiх спаборнiцтваў. Быў i такi, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскiмi адзнакамi iграў ролю дзяржаўнага дзеяча, i такi, што строiў з сябе фiлосафа ў шырокiм плашчы, у плеценых сандалях, з посахам i казлiнай бародкай. Былi тут i птушкалоў, i рыбак, абодва з трысцiнкамi, у аднаго з iх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамi на канцах. Тут жа неслi на насiлках i свойскую мядзведзiху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку i ў фрыгiйскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганiмеда. Побач са старым дзедам iшоў асёл з прымацаванымi крыламi, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, i абодва выклiкалi рогат.

9. У той час, як гэтыя забаўныя маскi пераходзiлi з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла i спецыяльнае шэсце багiнi-збавiцелькi. Жанчыны, ззяючы беласнежнымi сукнямi, радуючы вочы рознакаляровымi ўборамi, упрыгожаныя вясновымi вянкамi, усыпалi дарогу кветкамi, сыплючы iх з падалоў на шлях, па якiм iшла свяшчэнная працэсiя. У iншых былi прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркi, каб багiня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабянi са слановай косцi, рухамi рук i згiнаннем пальцаў рабiлi выгляд, быццам расчэсваюць i прыбiраюць валасы ўладарнiцы. Былi i такiя, што акраплялi вулiцу дзiўным бальзамам i iншымi пахучасцямi.