Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 122

Апулей

3. Вылiўшы такiм спосабам сваю душу ў малiтве, з жаласлiвым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, i маю стомленую душу ахоплiвае сон. Але не паспеў я стулiць павек, як раптам з сярэдзiны мора памалу ўзнiмаецца боскае аблiчча, якое сваiм выглядам выклiкае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тонi, з'явiлася перада мной i ўся прамянiстая постаць. Пастараюся перадаць i вам гэту дзiўную з'яву, калi не стане мне на перашкодзе беднасць людскiх слоў цi калi само боства сашле мне багаты i шчодры дар магутнага красамоўства.

Перш за ўсё густыя доўгiя валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна i мякка рассыпалiся па цудоўнай шыi. Самы верх галавы акружаў вянок з усякiх стракатых кветак, а пасярэдзiне над лобам круглая пласцiнка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка цi мо верная адзнака багiнi Луны. Злева i справа завяршалi круг звiвiстыя змеi, што цягнулiся ўгору, а таксама каласы збожжа, якiя ўзнiмалiся над усiм. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавiлася залацiста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразiў мяне яе чорны плашч, якi адлiваў цёмным бляскам. Абвiўшыся навакол цела i пераходзячы на спiне з правага клуба на левае плячо, як рымскiя тогi, ён павiсаў тугiмi складкамi, а краi яго былi абшыты махрамi.

4. Уздоўж аблямоўкi i па ўсёй паверхнi плашча то тут, то там былi вышыты мiгатлiвыя зоркi, памiж якiмi месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямi гэта дзiўнае покрыва, з усiх бакоў была вышыта суцэльная гiрлянда з усiх, якiя iснуюць, кветак i пладоў. У руках у яе былi зусiм не падобныя адзiн на адзiн падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькiмi пруточкамi, i ўсе разам яны пры патрасаннi выдавалi пранiзлiвы звон. А на левай руцэ вiсела чара ў выглядзе лодачкi, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспiд з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступнi былi абутыя ў сандалi, зробленыя з пераможных пальмавых лiстоў. Вось у гэтакiм выглядзе, у такiм уборы, дыхаючы водарам Шчаслiвай Арабii, удастоiла яна мяне сваiм боскiм прадраканнем: