Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 125

Апулей

Адначасова вялiкi натоўп людзей абодвух полаў з лiхтарамi, з факеламi, са свечкамi i з рознымi нарыхтаванымi свяцiльнiкамi ў руках услаўляў крынiцу ззяння нябесных зорак. Жалейкi i флейты гучалi прыемнымi мелодыямi, а за музыкамi iшоў чароўны хор з адборных юнакоў у зiхотка-белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралi строфы цудоўнай песнi, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велiчнага гiмна з малiтвамi i ахвяраваннямi.

Iшлi таксама i трубачы, i флейцiсты — паклоннiкi вялiкага бога Сарапiса, якiя на сваiх выгнутых трубах, што ўзнiмалiся ўгору да правага вуха, выконвалi па некалькi разоў мелодыi, прынятыя ў святынi iхняга бога. А далей мiтусiлася мноства прыслужнiкаў, якiя крыкамi заклiкалi ачысцiць шлях святочнаму шэсцю.

10. Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямнiцы — мужчыны i жанчыны ўсякага стану i ўзросту, апранутыя ў блiскучыя белыя iльняныя вопраткi. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымi накiдкамi, у мужчын блiшчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялiкай рэлiгii патрасалi мядзянымi, сярэбранымi i нават залатымi бразготкамi, здабываючы з iх пранiзлiвы звон. На канцы iдуць вышэйшыя служыцелi таямнiц у белых iльняных вузкiх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмi. Яны нясуць адзнакi годнасцi служыцеляў сама магутных багоў. Першы з iх трымаў лямпу, якая гарэла яркiм святлом, але зусiм не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулiнай пасярэдзiне, праз якую выходзiў вельмi шырокi язык полымя.

Другi быў апрануты так, як i першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, якi называўся «памочнiкам». Гэта iмя даў iм хуткi на дапамогу дух вярхоўнай багiнi.

За iмi iшоў трэцi, несучы пальмавую галiну з тонка вырабленымi з золата лiстамi, а таксама кадуцэй Меркурыя. Чацвёрты выяўляў сiмвал справядлiвасцi ў выглядзе левай рукi з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая нi спрытам, нi хiтрасцю, i таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлiвасць. Ён нёс таксама залатую судзiнку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якай палiваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымi галiнкамi,а апошнi нёс амфару.

11. Неўзабаве паказалася i працэсiя багоў, якiя ласкава карысталiся для перамяшчэння чалавечымi нагамi. Вось Анубiс, якi наводзiць жах сваiм велiчным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым аблiччам. Ён пасрэднiк памiж нябесным i падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галiнай. Следам за iм iдзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлiвасць багiнi-ўсёнараджальнiцы. Несучы яе на плячах, адзiн са свяшчэннаслужыцеляў лёгка i прыгожа крочыў пад святой ношай. Другi нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзiлася непарушная таямнiца вялiкага вучэння. Трэцi прыняў на сваё шчаслiвае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. Не было яно падобнае на свойскую жывёлiну, нi на птушку, нi на дзiкага звера, нi нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павiнна было выклiкаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклiвасцi. Зроблена яно было з ярка-блiскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзiўнымi эгiпецкiмi фiгурамi. Над яе адтулiнай узнiмалася не вельмi высокае горла з доўгiм, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцiлася ў клубок гадзiна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамi.