Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 126

Апулей

12. I вось настае момант выканання абяцаных мне найлiтасцiвейшай багiняй дабрадзействаў, падыходзiць жрэц, якi нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб'яўлена боскiм абяцаннем, цудоўны сiстр для багiнi i вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькi пакут, перажыўшы гэтулькi пагроз, цяпер з дазволу вялiкай багiнi я ў барацьбе з бязлiтасным лёсам выходзiў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кiдаюся з усiх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з'яўленне чатырохногай жывёлiны не парушыла ўзнёсласцi свяшчэннадзейства, а цiха, памалу, пераймаючы чалавечы крок, бокам праз натоўп, якi не без божай ласкi расступаўся, без паспешлiвасцi прабiраюся наперад.

А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з'явай i здзiўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спынiўся i, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным бiццём сэрца, хцiва хапаю зубамi вянок i з'ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёлiны. Найперш знiкае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становiцца далiкатнейшай, велiзарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукi перастаюць быць нагамi i падымаюцца для выканання сваiх высокiх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа i галава круглеюць, вялiкiя вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялiкiмi, як у людзей, i хвост, якi больш за ўсё мяне мучыў, знiкае!

Народ дзiвiцца, набожныя людзi пры такiм вiдавочным доказе магутнасцi вярхоўнай багiнi, падобным на сон, гучна i аднадушна, узняўшы рукi ў неба, славяць магутнасць мiласэрнай багiнi.

14. А я, аслупянеўшы ад здзiўлення, стаяў нерухомы i моўчкi, не ведаючы ад вялiкай радасцi, з чаго пачаць, як падступiцца да гукаў, што сталi мне нязвычнымi, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якiмi словамi i выразамi дзякаваць багiнi за яе дабрадзейства.