Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 12

Кандрат Крапіва

Дабрыян. Вы намякалі, што мне нешта пагражае.

Караўкін. Вам пагражае смерць.

Дабрыян. Як і ўсім смертным.

Караўкін. Не, як неўміручым.

Дабрыян. Растлумачце, калі ласка.

Караўкін. Скажыце, неўміручыя людзі будуць есці-піць?

Дабрыян. Ну, вядома.

Караўкін. Калі будзе што.

Дабрыян. А чаму ж не будзе?

Караўкін. Вы можаце выдумаць неўміручасць, а кілаграм мяса для неўміручага вы ж не выдумаеце.

Дабрыян. Будзе неўміручасць, дык будзе і матэрыяльная база.

Караўкін. Дык я ж і ёсць база.

Дабрыян. Не разумею.

Караўкін. Я загадчык базы. I я іх павінен карміць.

Дабрыян. Дык яны ж будуць неўміручыя, а вы?

Караўкін. Што за пытанне? Вы зробіце мяне неўміручым.

Дабрыян. Вы ў гэтым упэўнены?

Караўкін. Гэта ў вашых інтарэсах. Нашто вам браць якога-небудзь смарчка, калі ёсць вопытны работнік, які на гэтай справе сабаку з‘еў.

Дабрыян. Сабака — гэта, відаць, не самае большае, што ён з‘еў.

Караўкін. Ну, быка з‘еў, падумаеш! Дык я ж мільён народу кармлю. Будзе мільярд, дык і мільярд буду карміць. I вы ад гэтага не прайграеце.

Дабрыян. Вы і мне што-небудзь падкінеце?

Караўкін. У вас заўсёды будзе, што душа жадае. Пра сям‘ю таксама можаце не клапаціцца.

Дабрыян. Сям‘я ў мяне невялікая. Праўда, сабака ёсць.

Караўкін. Ёсць пра што гаварыць!

Дабрыян. Здаровы. Мяса жарэ — толькі давай.

Караўкін. Калі вы любіце забаўляцца паляваннем і ў вас будзе цэлая псярня, дык і ёй хопіць.

Дабрыян. Ёсць, напэўна, людзі, што і цяпер карыстаюцца з вашай ласкі?

Караўкін. Ну, ласка за ласку. Без гэтага не бывае. Вас, праўда, няма ў ліку маіх кліентаў, але хто ж ведаў, што вы станеце такой знамянітасцю.

Дабрыян. Якая ж ласка ад мяне патрабуецца?

Караўкін. Ну, што вы можаце — неўміручасць. У мяне і рэкамендацыя ёсць. (Вымае паперку.) Калі ласка.

Дабрыян (чытае). «Паважаны Барыс Пятровіч! Я думаю, што ў вечнае падарожжа па жыцці трэба прыхапіць Караўкіна. Нам, неўміручым, ён вельмі спатрэбіцца». Подпіс невыразны.

Караўкін. Гэта піша Антон Фёдаравіч.

Дабрыян. А хто такі Антон Фёдаравіч?

Караўкін (здзіўлена). Як, вы не ведаеце Антона Фёдаравіча?

Дабрыян. Прызнаюся, не ведаю.

Караўкін. Дык я вам скажу, што вы многа траціце.

Дабрыян. Так… Значыць, вы лічыце, што сваімі добрымі справамі заслужылі неўміручасць?

Караўкін. Вось жа і Антон Фёдаравіч вам піша. Толькі прашу мець на ўвазе, што мне патрэбны вопытныя памочнікі.

Дабрыян. Дык іх таксама ў неўміручыя?

Караўкін. Ну, а што ж рабіць?

Дабрыян. I шмат іх у вас?

Караўкін. Вось тут заява і невялікі спіс.

Дабрыян (бярэ ў рукі спіс). Мнагавата… I ўсё Караўкіны?

Караўкін. Ну, не ўсе, але ёсць крыху. Гэта ўсё добрыя работнікі.

Дабрыян. Караўкіна Марыя Захараўна. Год нараджэння… Ёй колькі ж гадоў?

Караўкін. Гэта мая бабка. Ёй пад дзевяноста, але ж нельга крыўдзіць старую.

Дабрыян. Леанід Караўкін… Гэта таксама работнік?

Караўкін. Будучы. Унук, Лёнька. Яму шосты год. Але не сумнявайцеся, ён увесь у дзеда пайшоў.

Дабрыян. Так… Што ж мне рабіць з вашай заявай?

Караўкін. Напішыце рэзалюцыю.

Дабрыян. Якую?

Караўкін. Напішыце, каб моцна было. Ну, скажам, забяспечыць неўміручасць у першую чаргу.