Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 10

Кандрат Крапіва

Дабрыян. Аказваецца. вы ўсебакова ўзброены.

Наташа. Без гэтага такую крэпасць не возьмеш. Цяпер нам трэба высветліць адно кардынальнае пытанне.

Дабрыян. Іменна?

Наташа. Магу я разлічваць на вашу шчырасць?

Дабрыян. Пастараюся. Шчырасць за шчырасць.

Наташа. Як вы гледзіце на мяне як на асобу іншага полу?

Дабрыян. Стараюся не глядзець.

Наташа. А каб не баяліся?

Дабрыян. Ну, каб я быў пацуком…

Наташа. Вы хочаце сказаць, што ў пацука няма зарэгістраванай жонкі?

Дабрыян. Па-мойму, гэта важная акалічнасць.

Наташа. Дык вось… перш за ўсё пра ваш законны шлюб… Я на яго не замахваюся. Не патрабую разводу. Не падбухторваю, каб вы падсыпалі мыш‘яку Марыне Сяргееўне ці зжылі яе са свету якім-небудзь іншым спосабам. Марына Сяргееўна — мілая жанчына, і няхай яна здарова жыве, колькі ёй Бог вызначыў. Я пачакаю. Пры неўміручасці маладосць мая астанецца пры мне. Але ёй нашто неўміручасць? Чым яна яе заслужыла? I якая карысць грамадству ад таго, што яна не памрэ? Маладой яна ўжо не стане. Дзяцей вам нарадзіць не зможа. А вас прывяжа на векі вечныя. А вы ж маглі б падарыць чалавецтву таленавітых, можа, нават геніяльных нашчадкаў — дзяцей, унукаў, праўнукаў. Сваёй вечнай адданасцю старой бабе вы пазбаўляеце грамадства такога цудоўнага дару. Якая ж гэта мараль? Гэта старыя мяшчанскія забабоны, а не мараль неўміручага грамадства. Правільна на нарадзе гаварыла пра мараль Клаўдзія Пятроўна: шмат што будзе выглядаць зусім іначай. Я доўга над гэтым думала, і вось… прыйшла да вас.

Дабрыян. Што да неўміручасці Марыны Сяргееўны, дык вы ўпусцілі з-пад увагі адну важную акалічнасць. Помніце, я гаварыў, што неўміручасць магчыма, пакуль усе эндакрынныя залозы функцыяніруюць нармальна. На вялікі жаль, Марына Сяргееўна пераступіла ўжо гэту мяжу. Я ёй пра гэта нічога не кажу і вас прашу не прагаварыцца.

Наташа. Але калі якая-небудзь магчымасць адкрыецца, вы ўсё зробіце для Марыны Сяргееўны.

Дабрыян. Я не бачу такой магчымасці.

Наташа. Значыць, адна перашкода адпала. Ва ўсякім разе, адпадае з часам.

Дабрыян. Але справа ў тым, што нам з вамі яшчэ ніхто неўміручасці не прысудзіў.

Наташа. Гэта вы наконт мяне. Пра вас гаворкі не можа быць.

Дабрыян. Чаму ж не можа быць? Я ўжо сказаў у адной высокай інстанцыі, што не прэтэндую на неўміручасць.

Наташа. Какетнічаеце, прафесар. Гэта на вас непадобна.

Дабрыян. Я зусім сур‘ёзна.

Наташа. Глупства. Абсурд. Людзі захочуць бачыць вечна жывым свайго куміра.

Дабрыян. Будуць і такія, што захочуць бачыць яго мёртвым.

Наташа. Гэта хто ж?

Дабрыян. Тыя, каму будзе адмоўлена ў неўміручасці. Нарэшце, я сам магу адмовіцца, калі цяжар акажацца не па маёй сіле.

Наташа. Кінуў людзям косць, а сам у кусты. Так, выходзіць?

Дабрыян. Не патрабуйце ад мяне больш, чым я магу.

Наташа (настойліва). Вы можаце зрабіць мяне неўміручай.