Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 11

Кандрат Крапіва

Дабрыян. Я не раздаю неўміручасць па знаёмству.

Наташа. Значыць, адмаўляеце? Асуджваеце на смерць?

Дабрыян. Мілая Наташа! Вы так мяне ашаламілі, ашарашылі, агарошылі, што я сёння нічога больш разумнага сказаць вам не магу.

Наташа. Разбэшчаная нахабная дзеўка прапануе вам свае паслугі. I вас гэта шакіруе. Так гэта трэба разумець?

Дабрыян. Ну хто скажа, што вы разбэшчаная? Ніводнай плямінкі я не заўважыў на вашых паводзінах. Але строй думак у нас, відаць, розны. Вы жывяце ўжо заўтрашнім, а я яшчэ сённяшнім, а можа, і ўчарашнім. Мне вашы прапановы здаюцца крыху дзіўнымі, экстравагантнымі, разважанні занадта рацыянальнымі.

Наташа. Бывайце, благачасцівы старча. Пара карміць праклятага пацука.

Дабрыян. Чаму праклятага?

Наташа. Можа, з гэтага дня я яго зненавіджу.

Дабрыян (устрывожаны). Падумайце, што вы гаворыце! Вам даверылі такую важную справу…

Наташа. Пацуку неўміручасць, а я магу здыхаць.

Дабрыян. Наташа, вы мяне палохаеце.

Наташа. Ага, спужаліся! Не бойцеся, не атручу. (Выходзіць.)

Дабрыян (ходзіць па пакоі). Ну і Наташа! Вось і ведай, што ў яе пад халатам.

Марына Сяргееўна (уваходзіць). Ты нечым усхваляваны?

Дабрыян. Тут мне Наташа праблемку адну падкінула. Аж у вачах цёмна стала.

Марына Сяргееўна. Яна дзяўчына кемлівая.

Дабрыян. Больш, чым ты можаш уявіць.

Марына Сяргееўна. Вось бы каго табе ў неўміручыя спадарожнікі.

Дабрыян. Ды што гэта сёння такое!

Марына Сяргееўна (здзіўленая). Чаго ты? Я заўсёды гаварыла, што яна мне падабаецца.

Дабрыян. Давай пакінем пра гэта. Ёсць справы больш актуальныя.

Марына Сяргееўна. Самае актуальнае цяпер для цябе — паснедаць. А то пабяжыш не еўшы.

Дабрыян. Шклянку чаю.

Марына Сяргееўна (ідучы на кухню, глянула ў акно). Народ нечага сабраўся.

Дабрыян. Можа, падбілі каго.

Марына Сяргееўна. Нешта сюды ўсе глядзяць… Рукамі махаюць…

Дабрыян. Ці не пажар?

Марына Сяргееўна. На пажар непадобна. Як быццам вітаюць каго.

Дабрыян. Няхай вітаюць. Пайду апрануся.

Чуваць званок у пярэдняй.

Марына Сяргееўна. Яшчэ нехта. I паснедаць не дадуць. (Ідзе ў пярэднюю. Праз хвіліну варочаецца.) Нейкі чалавек. Кажа, па вельмі важнай справе, ад якой залежыць яго і твой лёс.

Дабрыян. Што там яшчэ такое? Замах? Дыверсія? Глупства якое-небудзь. Няхай зойдзе.

Караўкін. Добры дзень, Барыс Пятровіч. Віншую вас з вялікім адкрыццём. Маё прозвішча — Караўкін. А сваё вы можаце не называць: яно ва ўсіх на языку. (Ківае на акно.) Бачылі, што робіцца? Насілу прабіўся да вашых дзвярэй.

Дабрыян. А што там такое?

Караўкін. Не там, а тут. Вы ж неўміручасць выдумалі. Сёння пра гэта па радыё аб‘явілі.

Дабрыян. Вось яно што!

Марына Сяргееўна. А я і радыё не ўключала.

Караўкін. Вось яны і сабраліся.

Дабрыян. Што, маніфестацыя назначана?

Караўкін. Нічога не назначана. Самі прыйшлі. Вас прывітаць. А на самай справе баяцца, каб не спазніцца. Думаюць, што неўміручасць тут ужо ў пакеціках раздаюць. Па паўкіло на рыла.

Дабрыян. Што ж мне трэба рабіць?

Караўкін. Нічога вам не рабіць. Вы ўжо зрабілі. Няхай яны пакрычаць. Гэта ўсё ў вашу карысць. Чым больш крыку, тым больш славы. А мы з вамі пагаворым пра сёе пра тое.