Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 14

Кандрат Крапіва

Антон Іванавіч. Такога блатняка, як вы.

Шусцік. Я ўжо схоплены. Схапілі, у аўтаінспекцыю завезлі, правы адабралі — скачы здароў. А ў вас жа, Антон Іванавіч, яшчэ ўсё наперадзе. А неўміручы Камітэт — ён строгі.

Чулі, што па радыё перадавалі? Ім усё на стол выкладвай: пячонку, селязёнку, ныркі. Наконт нырак я не сумняваюся. Яны ў вас — як у быка. А вось сумленне… (Ківае пальцам.) А яго ж таксама прыйдзецца вылажыць на стол.

Антон Іванавіч. Цьфу ты, прокляць! (Са злосцю кідае бутэлечку і выходзіць.)

Шусцік. Яшчэ аднаго даканаў. (Стукае сябе ў грудзі.) Вось бы каго старшынёй Камітэта выбраць! (Прыглядаецца да чаргі.) Ану, хто тут яшчэ мае знаёмыя?

Усе баязліва аглядаюцца.

Пардон, мадам. Мы з вамі недзе сустракаліся.

«Мадам». Сустракаліся.

Шусцік. А дзе? Я нешта не помню.

«Мадам». У міліцыі.

Шусцік. Замнём гэту непрыемную размову. Жадаю вам шчасця ў неўміручасці. Успомніце там пра мяне. (Раскланьваецца і адыходзіць.)

Уваходзіць Васюк з літровай бутэлькай у руках.

Васюк (аглядаецца з асцярогай). Мача для аналізу! Каму мачу для аналізу? Цёпленькая, свежанькая. Сто грамаў на рубель.

Шусцік. Пакажы, пакажы! Чым гэта ты гандлюеш?

Васюк. Во! Прадукт першай неабходнасці. Свайго вырабу.

Шусцік. Мясцовая прамысловасць. I як бізнес?

Васюк. Чацвёртую пляшку прадаю.

Шусцік. Ды ў цябе што? Фантан забіў?

Васюк шэпча нешта Шусціку на вуха. Абодва смяюцца.

Шусцік. Ну і ну! Невычэрпная крыніца.

Васюк. Каму мачу для аналізу?

З процілеглых бакоў уваходзяць на сцэну Торгала і Застрамілава.

Торгала. Добры дзень, Аўдоцця Сцяпанаўна.

Застрамілава. Добры дзень, Васіль Дарафеевіч.

Торгала. Даўно я вас не бачыў.

Застрамілава. Дзе вам на мяне глядзець. На маладых заглядаецеся.

Торгала. Ох, ёсць яшчэ на што паглядзець. З маладых год у мяне да вас імпэт быў, ды Сымон перабег дарогу.

Застрамілава. Памёр, небарака.

Торгала. Пухам яму зямля. Вы таксама пра неўміручасць турбуецеся?

Застрамілава. А яшчэ б хацела пажыць. Вечна не вечна, а гадкоў з тысячу не шкодзіла б.

Торгала. Што ж, калі залозы дазваляюць…

Застрамілава. Залозы, дзякуй Богу, у парадку.

Торгала. А я вось сумняваюся. (Разглядвае бутэлечку на святло.) Колер мне не падабаецца. Эрытрацыты, чаго добрага.

Застрамілава. Магу падзяліцца.

Торгала. Баюся, можа, чары якія.

Абое смяюцца.

Дык што ж, Аўдоцця Сцяпанаўна? Можа, нашы сцежкі цяпер сыдуцца? Сымон, небарака, ужо не перашкодзіць.

Застрамілава. А ваша Ганна Мікалаеўна? Хіба яна таксама?..

Торгала. Не, яшчэ цвэгае. Але неўміручасць ёй проціпаказана. Хутка развяжа мне рукі. Дык што ж мне — вечна ўдаўцом аставацца?

Застрамілава. Вечнасць… Яе яшчэ трэба мець.

Торгала. Думаю, што ўсё будзе ў парадку. Калі і падвядзе якая залоза, дык па старому знаёмству за мяне яшчэ ёсць каму закінуць слова. Запісачку дадуць.

Застрамілава. А мне замест залозы вы таксама запісачку пакажаце?

Торгала. Можаце не сумнявацца, Аўдоцця Сцяпанаўна. Тут без ніякага ашуканства.

Застрамілава. Дык я не хвалююся, Васіль Дарафеевіч. Гэта не цяжка і праверыць.

Торгала. Дык дамовіліся?

Застрамілава. Не будзем спяшацца, Васіль Дарафеевіч. Перад намі цэлая вечнасць.