Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 8

Кандрат Крапіва

Дабрыян. Падобна.

Марына Сяргееўна. А што рабіць?

Дабрыян. Не разумею.

Марына Сяргееўна. Занятак нейкі трэба мець?

Дабрыян. Будзем жыць, дык і занятак будзе.

Марына Сяргееўна. Вечна абед табе гатаваць?

Дабрыян. Гатаваць будзе каму.

Марына Сяргееўна. Значыць, мне і гэтага не астанецца. А што чалавек без справы? Для вялікага жыцця і справу трэба вялікую, каб усяго захапіла.

Дабрыян. Гэта правільна.

Марына Сяргееўна. Давай падбіраць мне справу. Спецыяльнасць якую-небудзь.

Дабрыян. Выбірай, якая табе падабаецца.

Марына Сяргееўна. Часу шмат, любою можна авалодаць.

Дабрыян. I не адной.

Марына Сяргееўна. А што, калі надакучыць плысці?

Дабрыян. Куды?

Марына Сяргееўна. У вечнасць. Так абрыдае, што не вытрымаць.

Дабрыян. Я не ведаю, ці можа так быць.

Марына Сяргееўна. Тады за борт, у бяздонне? У другую вечнасць?

Дабрыян. Гэта ўжо будзе антывечнасць.

Марына Сяргееўна. Але буду я мець на гэта права?

Дабрыян. Думаю, што будзеш. Але нашто такія змрочныя думкі? Давай пра што-небудзь іншае.

Марына Сяргееўна (у задуменні). Дзетак бы нам цяпер… Загінуў наш Валерык… Гэта колькі б яму ўжо было?

Дабрыян. Дваццаць чатыры.

Марына Сяргееўна. Кім бы ён мог быць, як ты думаеш?

Дабрыян. Па ўзросту мог бы быць ужо аспірантам.

Марына Сяргееўна. Можа, і ўнук быў бы ўжо.

Дабрыян. Мог быць і ўнук.

Марына Сяргееўна. Пабаялася я больш раджаць. Спачатку жылося цяжка, а пасля думалася — позна… Старасць надыдзе, а дзеці малыя будуць. А цяпер і сапраўды позна. А колькі б у нас магло быць унукаў, праўнукаў, пра-пра-пра-праўнукаў. I ўсе неўміручыя.

Дабрыян. Не растрывожвай сябе, Марына.

Марына Сяргееўна. А можа, яшчэ не позна? Можа, можна вярнуць мне маю жыццёвую сілу? Ты ж ведаеш таямніцу ўсіх гэтых сакрэцый.

Дабрыян. На вялікі жаль, нічога зрабіць нельга. Тут, як у юрыспрудэнцыі, закон адваротнай сілы не мае.

Марына Сяргееўна. Што б табе раней было адкрыць гэты закон.

Дабрыян. Раней не выйшла. Некаторым яшчэ не позна.

Марына Сяргееўна (усхопліваецца). Бора, што ты сказаў?

Дабрыян (здзіўлена глядзіць на яе). Я кажу, што ён яшчэ саслужыць службу людзям.

Марына Сяргееўна. Мне страшна, Бора.

Дабрыян. Што з табой?

Марына Сяргееўна. Я зусім забылася… Я толькі пра сябе думала. Для мяне позна, а для цябе ж не позна.

Дабрыян. Марыша, пра што ты гаворыш?

Марына Сяргееўна. У цябе яшчэ могуць быць і пра-пра-праўнукі.

Дабрыян. Дык што з гэтага вынікае?

Марына Сяргееўна. Але іх у цябе не будзе. Праз мяне.

Дабрыян. Марыша, павер, што мне не да пра-пра-пра-пра. I мяне гэта зусім не турбуе.

Марына Сяргееўна. Мяне турбуе. Мяне вечна… Страшна падумаць, якое значэнне мае цяпер гэта слова… Мяне вечна будзе мучыць сумленне.

Дабрыян. Ты вечна выдумаеш сабе невырашальную праблему.

Марына Сяргееўна. Гэта ты яе выдумаў.

Дабрыян. Супакойся, прашу цябе. Што б там ні было, у нашых адносінах нічога не зменіцца. Паколькі гэта залежыць ад мяне, вядома. Нехта звоніць. Адчыні, калі ласка. (Выходзіць у суседні пакой.)

Марына Сяргееўна. Можа, паштальён. (Выходзіць у пярэднюю, адтуль чуецца яе голас.) А, Наташа! Добры дзень. Распранайцеся.