Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 84

Алесь Пашкевіч

І ўжо адтуль глядзеў, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, што куплялася цаной дзясяткаў тысячаў жыццяў, як развальваецца сабранае ягонай царскай рукой…

Глядзеў на асаджаны каралём Батурам Полацак, як дагэтуль — на вайсковыя зборы заходняй суседкі, — і не мог вызваліцца ад халаджава-атрутнага прадчування ліхой наканаванасці. І ратунку ад яе — не знаходзіў.

А Батура, колішні трансільванскі князь, трывожна думалася Івану, гэты мадзярскі самазванец і выскачка, гэты каранасты недаростак, гэты недароблены рыцар з нізкім ілбом і вялікімі скуламі глыбока ўсоўвае свой доўгі нос у ягоную адваяваную вотчыну. І адкуль на тое столькі сілаў ды казны знайшоў? Яго войска, як паведамлялі віжы, налічвала больш 20 тысячаў — і ўсе добра ўзброеныя шаблямі, сякерамі, дзідамі і мушкетамі. І не толькі палякі ды літоўцы, але й тысячы немцаў ды ягоных аднакроўнікаў вугорцаў ішлі пад сцягамі «Арла» ды «Пагоні». І сотні гарматаў паспеў выліць, і аграмадны перасоўны мост на чоўнах умудрыўся скласці, па якім летам праз Дзвіну як па тоўстым лёдзе перайшоў…

Моцна балела галава, не хапала паветра, а чорныя думкі не адступалі ад Івана. «Не толькі ворагі ўнутраныя дзяржавы маёй, якіх апрычнінай выпальваў, гібелі мне жадаюць. Паўсталі і зверы знешнія — як зграі д’яблавыя па ўсёй зямлі — ад татарскага ханства да каралёў нямецкіх, французскіх ды імператара Максіміліяна. Ці не яны Батуру на мяне і выправілі? І ці не яны грошай на тое не пашкадавалі?1 Як бяльмо ім усім царства нашае, як пакута — поспехі нашыя. Аскаліліся, як некалі на царства Канстанцінава Візантыю. Няславяць мяне па ўсім свеце…» — Іван яшчэ раз паглядзеў на дасланыя яму адціснутыя ў Батуравай паходнай друкарні на польскай, рускай, маскоўскай, нямецкай і вугорскай мовах кніжыцы, у якіх, як даклалі яму, апраўдваўся паход на Масковію ды распавядалася пра лютага цара-крыважэра…

— Ці не наш беглы дыякан-друкар Іаан Батуру гэтыя старонкі ціснуць пасабляе? — цар нахмурыў лоб і агледзеў прысутных баяраў.

— Кажуць, што так… А яшчэ ён ліцвінам прыдумаў новыя гарматы-марціры. Шматствольныя, што пад Полацкам білі!.. Трэба было самога дабіць, сабаку! — у розныя галасы прагучала ў адказ.

Напрыканцы жніўня 1579 года Полацак перастаў быць маскоўскім. Войска пад ачолам Батуры заняло Сокал і бліжэйшыя да яго цвержы, князь Канстанцін Астрожскі дайшоў з вернымі яму палкамі па Северскай зямлі да Старадуба, аршанскі стараста Кміта зваяваў Смаленшчыну — а Іван са сваім неслухмяным бедным войскам, пазбаўленым у апальныя гады таленавітых ваяводаў, не меў сілаў на супраціў.

Цар — збег. Спачатку ў Ноўгарад, затым у Пскоў. І паслаў літоўскаму канцлеру Валовічу і ваяводу Радзівілу лісты аб тым, што адмовіўся ад абароны Полацка, каб не ліць марна братнюю кроў. «Веру, што ў свой чарод і вы зробіце ўсё, каб на нашых хрысціянскіх землях аднавіўся мір», — далікатна намякаў Іван. І люцеў да эпілептычнага прыпадку, дачуўшыся, што за ўзяцце Полацка рымскі Папа выслаў Батуру асвечаныя на Каляднай месе меч і дзіду, і той бязродны кароль зноў сеў на каня і выступіў на Вялікія Лукі…